grdzab.jpg

Разам з невялікай колькасцю прыватных рэзідэнцый, каменных дамоў багатых феадалаў і шляхты, у гарадах Вялікага Княства Літоўскага значную частку займалі жылыя будынкі звычайных гараджан. Яны дзяліліся на наступныя віды: дом, хата, халупа і каменны дом. Іх адрозненне заключалася ва ўзроўні камфортнасці пражывання і колькасці пакояў.

Дом, у большасці выпадкаў, складаўся з трох пакояў і з'яўляўся характэрным жыллём заможных мяшчан. Хаты будавалі менш заможныя гараджане, і яны складаліся з двух або аднаго пакоя, пры гэтым адна з іх выконвала ролю сенцаў. Халупа была жыллём для самых бедных жыхароў горада.

У тыя часы хаты не мелі падмурка, замест яго выкарыстоўваліся бярвёны, якія ўкладвалі адразу на зямлю, потым іх пакрывалі дошкамі, якія і служылі падлогай. Калі была неабходнасць абараніць дом ад вільготнасці і падтапленняў, то тады яго ставілі на укапаныя ў зямлю бярвёны, а дзе была вялікая рызыка затаплення, то хаты будаваліся на высокіх апорах.

Пры будаўніцтве драўляных дамоў у гарадах і на вёсцы выкарыстоўвалі дрэвы, якім было па 60-80 гадоў, так званы «саспелы лес». Для канструкцый у доме, якія павінны былі быць больш трывалымі, выкарыстоўвалі дуб. Такі драўляны дом мог праслужыць 200-300 гадоў.

Форма акна ў гарадскіх дамах досыць доўгі час не змянялася, у асноўным гэта была прарэз паміж двума бярвёнамі, якая зачынялася дошкай. У 16-17 стагоддзях распаўсюджваецца выкарыстанне аконнага шкла са свінцовай аправай. Форма магла быць рознай: квадратнай, круглай, прастакутнай або ў форме паралелепіпеда.

Некаторыя заможныя гараджане таксама маглі дазволіць сабе каменныя дамы. Так у Гродне падобныя будынкі ўжо меліся ў 16-ым стагоддзі і ў большасці сваёй размяшчаліся на Рынкавай плошчы. Да 17-га стагоддзя другім такім месцам стала вуліца Замкавая. Каменныя дамы часта будаваліся двухпавярховымі, мелі ўласны двор з некаторымі гаспадарскімі пабудовамі і агароджваліся плотам. Часта пры будаўніцтве выкарыстоўвалі так званую «прускую тэхналогію», якая заключалася ў тым, што драўляны каркас запаўняўся каменем, цэглай, будаўнічым смеццем, а часам дрэвам. Такая тэхналогія была шырока распаўсюджаная ў Сярэднявеччы на тэрыторыі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Большасць гарадоў ВКЛ забудоўваліся па вызначаным плане, а адным з галоўных аб'ектаў, ад якога звычайна пачыналася гарадская забудова, з'яўляўся рынак або рынкавая плошча. Да 15-га стагоддзя рынкі размяшчаліся побач з гарадскім замкам, але потым, пад моцным уплывам горадабудаўнічых традыцый Захаду, іх пачалі адносіць далей ад замкавых сцен, тым самым ссоўваючы цэнтр горада. Форма рынкавай плошчы магла быць рознай: трохкутнай, чатырохкутнай часцей прамавугольнай або квадратнай. На форму рынку звычайна аказвалі сур'ёзны ўплыў дарогі, на якіх яны стаялі, так трохкутныя рынкі будаваліся на месцы скрыжавання адной дарогі, а чатырохкутныя - на месцы перакрыжавання дзвюх дарог. Каля рынкавых плошчаў часта ставілі царквы, а калі горад меў Магдэбургскае права, то ўзводзілі і ратушы.

Акрамя прыватных забудоў у горадзе, як правіла, абавязкова былі: карчма, грамадская лазня, складскія памяшканні, цырульня, рамесныя крамы і іншыя будынкі. Так грамадскія лазні меліся ледзь не ў кожным значным горадзе Літвы і будаваліся, зразумела, часцей на беразе рэк, як гэта было ў Гродне, якому пасля атрымання Магдэбурскага права ў 1496 годзе дазвалялася іх будаваць. У Магілёве ж грамадская лазня існавала з 16-га стагоддзя і пасля яе перабудовы ў 17-ым стагоддзі, стала падобная на сучасную, дзе можна было папарыцца, а пасля пасядзець, пагутарыць і выпіць піва.

Сытна паесці і выпіць, гараджане і заезджыя госці маглі ў «Шынках» і «карчмах», якія таксама гулялі не малаважную ролю ў інфраструктуры гарадоў і мястэчак. Адрозненне "шынкі» ад "карчмы" заключалася ў тым, што ў карчме не толькі можна было паесці і выпіць, але і пераначаваць, начлег жа ў шынку не прадугледжвалася. У сваю чаргу, карчма магла быць заезнай, дзе была стайня, і вялікі гарадскі, дзе акрамя стайні, вялікай залы дзе пілі і елі і пакояў для пастаяльцаў, гэтак жа меліся святліцы для багатых кліентаў і чорныя хаты для простых людзей.

Немалаважную ролю для гараджан у дачыненні да чысціні і ахайнасці гарадоў гулялі вадаправоды, каналізацыйная і дрэнажная сістэма. Пра іх наяўнасць у літоўскіх гарадах згадваецца ў дакументах 16-17 стагоддзяў. Пачаткам каналізацыйнай сістэмы былі водаадводы, якія рабіліся з драўляных дошак або проста са ствалоў дрэў і маглі мець шырыню 60 см, а вышыню 40 см, як гэта было ў Мінску. Вада пры іх дапамозе адводзілася ў нізіну, у раку ці ў спецыяльныя студні. У найбольш буйных гарадах меліся вадаправоды. У Вільні з 16-га стагоддзя існаваў вадаправод, які належаў дамініканскаму ордэну, які пастаўляў у горад пітную ваду, але за гэта трэба было плаціць манахам па 8 грошаў у год. У гараджан у прынцыпе мелася магчымасць падвесці прыватны вадаправод у свой дом, але гэта было вельмі дорага.