lisovchikrembr.jpg

Аляксандр Юзэф Лісоўскі, прадстаўнік польскага роду Лісоўскіх герба Вожык, нарадзіўся ў 1575 годзе ў сям'і Яна Лісоўскага, шляхціца, які валодаў вёскамі пад Вільняй. Крыху пазней уся сям'я пераехала пад Брэст. Аляксандр Юзэф атрымаў адукацыю ў Віленскай езуіцкай школе. Калі прыйшоў час выбару, ён паў на ваенную кар'еру, якую Аляксандр Лісоўскі пачаў у 1599-ым годзе ў наёмным войску валашскага гаспадара Міхая Храбрага.

Міхай Храбры змагаўся за ўладу над Дунайскімі княствамі: Валахіяй, Трансільваніяй і Малдовай. Рэч Паспалітая таксама мела свае інтарэсы ў гэтых краях, і ў 1600 годзе яна ўступіла ў вайну за гэтыя землі. Аляксандр Лісоўскі не пажадаў ваяваць супраць сваіх суайчыннікаў і перайшоў у войска польскага кароннага гетмана Яна Замойскага. Пасля перамогі Рэчы Паспалітай у Малдаўскай кампаніі Аляксандр Лісоўскі адправіўся ў Лівонію на вайну супраць шведаў, там ён завербаваўся ў гусарскую харугву Яна Карла Хадкевіча.

Усе свае ваенныя заслугі, заробленыя ў мінулых ваенных кампаніях, Аляксандр Лісоўскі перакрэсліў адным бунтам, які падняў у войску ВКЛ у 1604-ым годзе з-за нявыплаты заробку. Узначаліўшы тры мяцежныя харугвы Лісоўскі разрабаваў не толькі землі, якія трапілі яму па дарозе ў Лівоніі і Курляндыі, але і землі на тэрыторыі ВКЛ. За гэта Соймавы суд пазбавіў яго шляхецтва і вынес яму інфамію (пазбаўленне грамадзянскіх правоў).

Рашэнне Соймавага суда ніяк не паўплывала на дзеянні Аляксандра Юзэфа Лісоўскага, паколькі ён працягнуў свой мяцеж разам з польскім войскам Зебжыдоўскага, якім быў аб'яўлены ракош (мяцеж) супраць караля. Лісоўскі ўзначаліў казацкую харугву і ў 1607 годзе прыняў удзел у бітве пад Гузавым, аднак ракашане Зебжыдоўскага былі разбіты кароннымі войскамі.

Пасля паражэння пад Гузавым, Аляксандр Лісоўскі з дзвюма сотнямі казакоў адправіўся ў Маскоўскае княства і далучыўся там да войскаў Ілжэдзмітрыя II. У Старадубе, атрымаўшы званне палкоўніка, дапоўніў свой атрад добраахвотнікамі з данскіх казакоў, шляхты і мяшчан.

У сакавіку 1608-га года палкоўнік Лісоўскі разграміў войскі маскоўскіх ваявод Захара Ляпунова і Івана Хаванскага пад Зарайскам. Затым ён захапіў Міхайлаў і Каломну. Прыняў удзел у аблозе Масквы і Тройца-Сергіевай лаўры пад камандаваннем Яна Пятра Сапегі.

Пасля таго як пацярпеў паражэнне ад маскоўскага князя Івана Куракіна, Аляксандр Лісоўскі вырашыў рэарганізаваць свой атрад і змяніць тактыку дзеянняў. Атрад, у выніку, быў сфарміраваны такім чынам, каб мець магчымасць праводзіць глыбокія дыверсійныя аперацыі, ваяваць без абозу і быць як мага больш манеўраным. Ён дзяліўся на харугвы і дапаможныя падраздзяленні для разведкі і аховы. Для захавання таямніцы перамяшчэння па варожай тэрыторыі звярталіся да забойства выпадкова сустрэтых на шляху людзей, а таксама нярэдка дабіваліся ўласныя таварышы, якія з-за ранення ці хваробы не паспявалі за прасоўваннем атрада. Каб пазбегнуць засады, для пераправы цераз рэкі выбіраліся толькі невядомыя месцы і абыходзіліся бокам асноўныя шляхі, масты і брады. Пры захопе гарадоў і ўмацаванняў выкарыстоўваліся нестандартныя тактычныя метады.

Атрад Аляксандра Лісоўскага меў спецыфічную арганізацыю, з выбарным генеральным кругам, сваімі вайсковымі пасадамі і судом. Усе члены атрада павінны былі беспярэчна выконваць законы ўнутранага статута. Салдаты атрада Лісоўскага ці як іх яшчэ называлі «Лісоўчыкі», маючы мінімум ахоўных даспехаў, былі добра ўзброеныя і кожны з іх пры сабе меў палаш або канчар пад сядлом, кароткую дзіду, пісталеты, мушкет і лук. Адзінай аплатай за службу ў атрадзе было права на здабычу ваенных трафеяў.

У 1609 годзе пачалася вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскім княствам і Аляксандр Лісоўскі з атрадам далучыўся да войскаў ВКЛ. Увесну 1610-га года ён ажыццявіў глыбокі рэйд у тыл Маскоўскага княства. Захапіў і разрабаваў Растоў, Кашын і Калязін. Захапіў крэпасці Завалочае і Вароніч. З захопленых крэпасцяў ён ажыццяўляў далёкія рэйды супраць Масковіі і шведаў на землях Смаленска, Пскова і Ноўгарада. Ахоўваў паўночна-заходнія землі ВКЛ. За гэтыя ваенныя заслугі ў 1611-ым годзе сойм вярнуў яму шляхецтва і зняў інфамію.

Улетку 1612-га года Лісоўскі вызначыўся ў абароне Смаленска. Па загадзе Яна Караля Хадкевіча, каб адцягнуць варожыя сілы ад слаба ўмацаванага горада, ён здзейсніў некалькі рэйдаў углыб Маскоўскага княства. На чале двухтысячнага атрада ў 1615-ым годзе Аляксандр Лісоўскі здзейсніў паход на Севершчыну і захапіў Арол і Карачоў. Гэтак жа захапіў і разрабаваў Ліхвін, Бялёў, Таржок, Галіч, Угліч, Суздаль, Пярэмышлі, ваколіцы Яраслаўля і Кастрамы. Разбіў авангардныя войскі князя Дзмітрыя Пажарскага, які быў накіраваны для знішчэння яго атрада. Зімой наступнага 1616-га года скончыў свой вялікі рэйд, абмінуўшы Маскву пятлёй у 200 км. Пазбягаючы вялікіх бітваў і будучы няўлоўным, робячы імклівыя і нечаканыя пераходы часам да 150 кіламетраў за суткі, лісоўчыкі наводзілі паніку ў тыле асноўных войскаў ворага. За ўсе гэтыя ўдалыя ваенныя аперацыі Лісоўскі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.

Увосень 1616 года сабраўшы пад Гомелем новы атрад для чарговага рэйду па Маскоўскай тэрыторыі, ён выступіў да Старадуба, аднак у Камарыцкай воласці 11 кастрычніка пры аглядзе баявой гатоўнасці свайго атрада раптоўна ўпаў з каня і памёр. Ён так і не паспеў ажаніцца і пакінуць пасля сябе дзяцей.

Уся спадчына Лісоўскага - гэта яго падраздзяленні, яго «лісоўчыкі», якія два наступныя дзесяцігоддзі ўдала змагаліся ў войнах цэнтральнай і заходняй Еўропы, паралельна наводзячы жах на грамадзянскае насельніцтва, «уславіўшыся» колькасцю ўчыненых рабаванняў. Але нягледзячы на такую «славу», з часам, у Еўропе вобраз «лісоўчыка» быў рамантызаваны і яго ўвекавечылі ў сваіх творах галандскі мастак Рэмбрант, жывапісец Юзэф Брант і баталіст Юліюш Косак.

Глядзіце гэтак жа

  • Аўгуст II Моцны

    August_II_mocny.webp

    Аўгуст II моцны нарадзіўся 12 мая 1670 года ў Дрэздэне па юліянскім календары; памёр 1 лютага 1733 года ў Варшаве. У 1694 годзе ён стаў курфюрстам Саксоніі, які кіраваў пад імем Фрыдрыха Аўгуста I, і двойчы абіраўся каралём Рэчы Паспалітай: з 1697 па 1706 год і з 1709 па 1733 год. Ён быў першым каралём Рэчы Паспалітай з саксонскай дынастыі Ветынаў. Яго мянушка "моцны" звязана з яго вядомай фізічнай сілай, якая, па чутках, дазваляла яму гнуць падковы голымі рукамі.

    Подробнее: Аўгуст II Моцны

  • Ян III Сабескі

    Jan_III_sobeski_by.webp

    Ян III Сабескі, з герба Яніна, нарадзіўся 17 жніўня 1629 года ў Алеска і памёр 17 чэрвеня 1696 года ў Вілянуве. Ён стаў каралём Польшчы ў 1674 годзе, з 1668 года служыў вялікім гетманам Кароны. Акрамя таго, ён займаў пасаду вялікага маршала кароны з 1665 года, вялікага прапаршчыка кароны з 1656 года і займаў некалькі пасадаў старасты, у тым ліку ў Яварове, Краснаставе, Калузе, Стрыі, Гневе, Барсе, Інтэрлеі, Осеку і паку на працягу ўсёй кар'еры.

    Подробнее: Ян III Сабескі

  • Міхаіл Карыбут Вішнявецкі

    Mihail_kaributby.webp

    Бацькі Міхаіла, верагодна, пазнаёміліся ў верасні 1637 года падчас цырымоніі каранацыі Цэцыліі Рэнаты, жонкі караля Уладзіслава IV Вазы. Яны заручыліся 13 лютага 1638 года, але не надавалі гэтаму значэння з-за жалобы Грызельды па яе бацьку, Томашу Замойскаму, які памёр 7 студзеня. Іх вяселле адбылося ў Замосце 27 лютага 1639 года.

    Подробнее: Міхаіл Карыбут Вішнявецкі

  • Паўстанне ў Магілёве ў 1661 годзе

    gerb-mogilew.jpg

    У жніўні 1654-га года, падчас вайны распачатай Маскоўскім княствам супраць ВКЛ, царскія войскі падышлі да сцен горада Магілёва. Магілёў не стаў супраціўляцца і 25-га жніўня адкрыў вароты горада захопнікам.

    Подробнее: Паўстанне ў Магілёве ў 1661 годзе

  • Бітва на рацэ Бася

    bitva-na-base.jpg

    Пасля паразы ў бітве пад Палонкай (1660) маскоўскі цар стварыў новую армію пад камандаваннем Юрыя Даўгарукава C абноўленым войскам Далгарукі спачатку пайшоў да Смаленска, а адтуль 8 верасня 1660 года выступіў на Магілёў.

    Подробнее: Бітва на рацэ Бася

  • Бітва на Палонцы

    palonka.jpg

    У 1660-ым годзе вайна паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам у перыяд з 1654-ы па 1667-ы год была ў самым разгары. Да гэтага часу амаль уся тэрыторыя ВКЛ знаходзілася пад маскоўскімі войскамі. Заставаліся толькі асобныя свабодныя гарады, да якіх ворагі яшчэ не дабраліся, і такія моцна ўмацаваныя крэпасці, як, напрыклад, Стары Быхаў, які 18 месяцаў трымаў аблогу.

    Подробнее: Бітва на Палонцы