Вялікі князь Літоўскі і кароль польскі Уладзіслаў IV Ваза нарадзіўся 9 чэрвеня 1595 г. у Кракаве. Яго бацькамі былі кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ Ваза і Ганна Габсбургская. Маці Уладзіслава памерла, калі яму было тры гады, і яго выхаваннем займалася былая фрэйлін Ганны Габсбургскай Урсула Мэерын.
Уладзіслаў Ваза атрымаў адпаведную свайму становішчу ў грамадстве добрую хатнюю адукацыю. Ён умеў чытаць і пісаць на нямецкай, італьянскай мовах, а таксама на латыні, аднак размаўляў ён толькі на польскай мове. Падчас вучобы ён дастаткова моцна захапіўся жывапісам і потым, з цягам часу стаў заступацца маладым таленавітым мастакам.
Будучы прэтэндэнтам на пасад Рэчы Паспалітай, ён таксама меў права на шведскую карону, паколькі быў унукам шведскага караля Юхана III, а яго ўласны бацька, Жыгімонт III Ваза, некаторы час займаў пасад Швецыі.
У 1610 годзе, у Маскве, у перыяд так званага «Смутнага часу», баяры, якія ўзялі ўладу ў свае рукі пасля праўлення Васіля Шуйскага, прапанавалі стаць маскоўскім царом Уладзіславу IV Вазе. Абвясціць-то абвясцілі, нават пачалі чаканіць яго манету, але ён у Маскву так і не прыбыў, праваслаўя не прыняў і не быў вянчан на царства. Прычынай гэтай затрымкі паслужыла нежаданне яго бацькі Жыгімонта ІІІ Вазы адпускаць сына ў Маскву, паколькі ён сам прэтэндаваў на маскоўскі трон, але маскоўскім баярам гэты варыянт быў нецікавы. У выніку пасля ўсялякіх інтрыг, барацьбы за прывілеі і палітычны ўплыў сямібаяршчына была звергнута, а новым маскоўскім царом у 1613 годзе выбралі Міхаіла Раманава.
Уладзіслаў IV Ваза ўсё ж паспрабаваў з дазволу Рэчы Паспалітай вярнуць сабе ўжо заняты трон. Набраўшы 11 тысячнае войска, якое складалася з войскаў ВКЛ і Польшчы, ён адправіўся ваенным паходам на Маскву. Яго войска ўзначаліў Вялікі гетман Літоўскі Ян Карл Хадкевіч, сярод суправаджалых Уладзіслава ў паходзе быў і канцлер ВКЛ Леў Сапега.
Ім удалося дайсці да Масквы і яны нават аблажылі яе, але недахоп сродкаў і халодная зіма вымусілі пайсці на мірную дамову з маскоўскім царствам. І хоць трон быў беззваротна страчаны, затое па Дэулінскім мірным пагадненні да ВКЛ вярнуліся раней захопленыя Масквой Смаленск, Старадуб, Тарапец, Себеж, Вяліж, Дарагабуж, Невель, Чырвоны, Белы, Рослаў, Серпейск, Ноўгарад-Северскі і шэраг іншых прыгранічных гарадоў.
У 1621 годзе Уладзіслаў зноў адпраўляецца ў ваенны паход і прымае ўдзел у бітве пад Хоцінам супраць туркаў. Камандаванне сваім войскам ён даверыў вопытнаму і таленавітаму Вялікаму гетману Літоўскаму Яну Карлу Хадкевічу.
У 1624-1625 гадах Уладзіслаў Ваза падарожнічаў па Еўропе, вучыўся, вывучаў ваеннае мастацтва. У 1626 годзе ён, вярнуўшыся ў Рэч Паспалітую, адпраўляецца на вайну са шведамі, якая доўжылася з 1626 па 1629 год.
30 красавіка 1632 года памірае бацька Уладзіслава кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ. У рэспубліцы двух народаў наступіў перыяд бескаралеўя і выбараў новага караля. Праз паўгода 8 лістапада 1632 года сейм Рэчы Паспалітай абірае новым каралём Уладзіслава IV Вазу і абвяшчае яго абранне 6 лютага 1633 года.
За той перыяд, пакуль ішлі выбары новага караля Рэчы Паспалітай, маскоўскі цар Міхаіл Фёдаравіч, скарыстаўшыся момантам, адправіў 32000. Армію на чале з ваяводам Шэйнам пад Смаленск. Адразу штурмам горад узяць не ўдалося, і Шэйн аблажыў яго. У адказ Уладзіслаў Ваза сабраў 20-тысячнае войска і 25 жніўня ён ужо быў за сем вёрст ад Смаленска. Яму ўдалося акружыць войска Шэйна, і той, не здолеўшы прарваць ачапленне, праз паўгода прыняў прапанову аб капітуляцыі. 19 лютага 1634 гады пакінуўшы 123 гарматы і кінуўшы да ног Уладзіслава Вазы ўсе свае сцягі, Шэйн сышоў з рэшткамі войска, каля 8 тысяч, па маскоўскай дарозе.
У тым жа 1634 году, не распускаючы войскі, Уладзіслаў IV Ваза адправіў іх з маскоўскіх меж на поўдзень, да турэцкіх меж. Гэтыя своечасовыя дзеянні дапамаглі заключыць мір і спыніць турэцкае войска, якое збіралася ўварвацца на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. У наступным годзе, скарыстаўшыся тым, што Швецыя была ўцягнута ў трыццацігадовую вайну, ён падпісаў са шведамі выгаднае Штумсдорфскае перамір'е, па якім шэраг раней заваяваных тэрыторый вяртаўся да Рэчы Паспалітай.
Ва ўнутранай палітыцы Уладзіслава Ваза імкнуўся атрымаць больш улады над сеймам, магнатамі і шляхтай. Аднак, у адрозненне ад свайго бацькі, ён быў верацярпімым і ў сваіх палітычных інтрыгах і ўмела карыстаўся супрацьстаяннем пратэстантаў, каталікоў і праваслаўных.
Уладзіслаў Ваза быў двойчы жанаты. Першы раз ён ажаніўся ў 1637 годзе на эрцгерцагіні Цэцыліі Рэнаце Аўстрыйскай, якая нарадзіла яму двух дзяцей, якія памерлі ў раннім узросце. Сама каралева пайшла з жыцця ў 1644 годзе і была пахавана ў Вавельскім кафедральным саборы ў Кракаве.
У 1646 годзе Уладзіслаў ажаніўся другі раз на французскай прынцэсе Марыі Луізе дэ Ганзага дэ Невер. Але гэты шлюб працягнуўся нядоўга, 20 траўня 1648 гады Ўладзіслаў IV Ваза памірае. Яго сэрца і ўнутраныя органы былі пахаваны ў Вільні ў капліцы Святога Казіміра сабора Святога Станіслава. Спадчыннікаў пасля яго не засталося.