Паэт, кампазітар і дзяржаўны дзеяч ВКЛ Мацей Радзівіл нарадзіўся 11 лістапада 1749-га года ў сям'і Лявона Міхаіла Радзівіла з шыдлавецкага роду і Ганны Людвікі з Міцэльскіх.
Пасля смерці бацькі маці Мацея выйшла замуж за Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбаньку і пераехала з дзецьмі ад першага барка ў Нясвіж. Там Мацей Радзівіл апынуўся ў спрыяльным становішчы для развіцця сваіх музычных і паэтычных талентаў, бо ў той час Нясвіж лічыўся цэнтрам музычнага мастацтва ў Еўропе. Адпаведна вучыўся юны Радзівіл у адных з найлепшых музыкаў і спевакоў таго часу.
Пасля пачатковай адукацыі ў Нясвіжы Мацей, паводле традыцыі, у канцы 60-х гадоў 18 стагоддзя паехаў вучыцца ў Еўропу. Ён атрымліваў веды ва ўніверсітэтах Францыі, Італіі, Германіі, наведаў Гданьск, Карлавы Вары, Дрэздэн і Прагу.
Пасля навучання ў Еўропе, бліжэй да канца 70-х гадоў, Мацей Радзівіл вярнуўся на радзіму ў Літву. Ён пасяліўся ў Нясвіжы і жыў побач са сваім зводным братам Каралем Станіславам Радзівілам.
На гэты час прыпадаў росквіт тэатра оперы і балета ў Нясвіжы. Там працавалі такія еўрапейскія знакамітасці, як дырыжор і кампазітар італьянец Д. Альбрэціні, чэшскі арганіст, піяніст і кампазітар Я. Дусік і іншыя. Становішча вакол спрыяла таму, што Мацей Радзівіл пачаў ствараць уласныя мастацкія творы.
У 1786 годзе ён напісаў да прыезду караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага словы да аперэты «Агатка», якая потым ставілася ў Варшаве, Вільні, Любліне і Львове, а затым, з 1799-га года, пад назвай «Добры пан – бацька для пададзеных» была папулярная да 20-х гадоў 19 стагоддзі. У тым жа годзе ён напісаў словы і музыку для оперы "Войт Альбанскага паселішча". Захапляўся і стварэннем паланэзаў-карцін і паланэзаў-балад, якія папярэднічалі падобным творам Ф. Шапэна, М. Агінскага і В. Казлоўскага.
У 1787 годзе Радзівіл ажаніўся з маладой Эльжбетай Хадкевіч, якая нарадзіла яму сына Канстанціна і дачку Антаніну.
У дзяржаўнай дзейнасці Мацей Радзівіл пачаў удзельнічаць з 1786 года, калі яго прызначылі падкаморым ВКЛ, а ў 1790-м ён становіцца кашталянам Віленскім. У 1792 годзе, падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй, Мацей аддаў у распараджэнне войскаў ВКЛ замкі, арсенал і радзівілаўскую міліцыю. Акрамя гэтага, ён актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе і дарыў сваім сялянам вольную за актыўны ўдзел у барацьбе за незалежнасць.
За ўдзел у паўстанні Касцюшкі, Радзівіла пачалі пераследаваць расійскія ўлады, і ён у кастрычніку 1794 года з'яжджае на Галітчыну. Апошнія гады жыцця, ён пражыў у сваім маёнтку ў Паланэчцы (Навагрудскае ваяводства). Памёр Мацей Радзівіл 2 верасня 1800-га года.