Мікалай Абрамовіч нарадзіўся ў сям'і ваяводы Мінскага і Смаленскага Яна Абрамовіча прыблізна ў 1590-я гады. Пасля смерці бацькі ў 1603 годзе яго аддалі на выхаванне да Радзівілаў у Біржы. Хутчэй за ўсё яго апекуны адправілі юнага Абрамовіча вучыцца ў Лейпцыгскі ўніверсітэт, дзе той атрымаў веды ў артылерыі і інжынернай справе.
Сою ваенную кар'еру ён пачаў у 1621 годзе ў арміі Хрыстафора Радзівіла ў Курляндыі і Лівоніі падчас вайны Рэчы Паспалітай са Шведамі. Тамака жа ён упершыню і выявіў сябе выбітным артылерыстам, завошта быў прызначаны старэйшым над гарматамі.
Працягваючы ваяваць у Лівоніі ў 1625-ым годзе Абрамовіч вызначыўся пры ўзяцці Рыгі, захапіўшы перадмостнае ўмацаванне на Дзвіне. У 1626—1627 ваяваў супраць шведаў на Памор'і і ў Прусіі на чале рэйтарскага палка.
Наступным этапам у ваеннай кар'еры Мікалая Абрамовіча быў ягоны ўдзел у Смаленскай вайне. Там ён спачатку камандаваў палком з войска Радзівіла, а потым узначаліў артылерыю. Там жа ён пазнаёміўся з тэарэтыкам артылерыі Казімірам Сямёнавічам, які таксама ўдзельнічаў у гэтай вайне. У кастрычніку 1633 года Абрамовіч змог вызначыцца ў пераможных бітвах на Жаваранкавай гары, у выніку якіх была перакрыта дарога на Маскву і акружана армія маскоўскага ваяводы Міхаіла Шэйна. Пасля капітуляцыі Шэйна атрымаў усю яго артылерыю ў колькасці 123 гарматы, аднак, крыху пазней, вымушаны быў адправіць іх у Польшчу. Быў камісарам ад ВКЛ падчас падпісання Палянскага міра з Маскоўскім царствам.
Калі па выніках артыкулаў аб'яўленых каралём польскім і Вялікім князем Літоўскім Уладзіславам IV пад Смаленскам, артылерыя ВКЛ была выдзелена ў асобны корпус, Мікалая Абрамовіча прызначылі галоўным над артылерыяй. Гэтак жа па выніках гэтага артыкула, артылерыя стала мець сталую конную цягу прыстаўленую да кожнай гарматы, а таксама сваю інжынерную службу. Усе гарматы літоўскага артылерыйскага корпуса пачалі адліваць з гербам "Пагоня".
У 1640 годзе Мікалай Абрамовіч стаў першым генералам артылерыі ВКЛ атрымаўшы дадзеную пасаду пажыццёва і не маючы права займаць іншыя пасады. Яшчэ яму ў абавязкі ставілася кіраўніцтва арсеналамі, збройнымі, парахавымі складамі, і ліцейнымі, дзе адлівалі гарматы, займацца забеспячэннем войска порахам і амуніцыяй, навучаннем пушкарскай справе. Абрамовічу першаму давялося сутыкнуцца з праблемамі княжацкай артылерыі, якая ў адрозненні ад прыватнай магнацкай і гарадской, дзе іх уладальнікі заўсёды за ёй сачылі, не заняла значных пазіцый у войску ВКЛ, бо пастаянна адчувала хранічны недахоп фінансавання, дрэнна забяспечвалася порахам.
Пасля завяршэння сваёй ваеннай дзейнасці Абрамовіч працягнуў займацца дзяржаўнай. З 1636 па 1647 год ён быў старадубскім старастам. З 1638 па 1640 быў чашнікам, у 1640-43-м Мсціслаўскім кашталянам, У 1646-м быў прызначаны камісарам на перамовы з Масквой і Швецыяй. З 1647-га года і да самай смерці быў ваяводам Трокскім.
Апроч вайсковых і дзяржаўных пасад Мікалай Абрамовіч, гэтак жа быў адным з кіраўнікоў Кальвіністаў у ВКЛ. Валодаў маёнткамі і вёскамі ў Кіеўскім ваяводстве, Віленскім, Ашмянскім, Старадубскім і Рэчыцкім паветах. Падпісваючы дакументы дадаваў «Абрамовіч на Варнянах». Гэтую традыцыю ён пераняў у свайго бацькі, які за ваенныя заслугі ў 1581-ым годзе ад караля Стэфана Баторыя атрымаў мястэчка Варняны (цяпер гэта вёска ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці) і зрабіў яго сваёй рэзідэнцыяй.
У 1651 годзе Мікалай Абрамовіч памёр у Вільні. Пасля сябе ён пакінуў сына Самуэля Андрэя, які стаў каралеўскім палкоўнікам і старадубскім старастам. У Варнянах да пачатку XX стагоддзі прастаяў палац Абрамовічаў за якім быў прыгожы парк у рамантычным стылі, але напярэдадні Першай сусветнай вайны палац згарэў. Завяршылі знішчэнне спадчыны Абрамочыяй вандалы, якія пасля Другой сусветнай вайны разгарыбілі іх склеп, разбілі і выкінуўшы скрыні з рэшткамі прадстаўнікоў гэтага знакамітага шляхецкага роду.