Сын Юрыя Радзівіла Геркулеса, Мікалай Радзівіл Руды, працягнуў справу свайго бацькі і ўсё сваё жыццё прысвяціў абароне ад ворагаў і служэнню Вялікаму княству Літоўскаму. Нарадзіўся Радзівіл Руды ў 1512 годзе, атрымаў добрую хатнюю адукацыю.
Упершыню вызначыўся Радзівіл Руды пры аблозе горада Старадуба ў 1535 годзе, у перыяд вайны ВКЛ з Маскоўскім княствам з 1534 па 1537 год.
У 1544 годзе ён атрымлівае пасаду падчашага ВКЛ. Пачынаючы з 1546 года ён разам са сваім стрыечным братам Мікалаем Радзівілам Чорным мае значны ўплыў на польскага караля і Вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста. Браты Радзівілы арганізуюць у 1547 годзе шлюб Сігізмунда Аўгуста на іх сястры Барбары Радзівіл, пасля чаго яшчэ больш набліжаюцца да караля і вялікага князя.
Гэтая набліжанасць да манарха дае свой плён, і ў 1549 годзе Жыгімонт прызначае Радзівіла Рудога вялікакняскім намеснікам з рэзідэнцыяй у Вільні. Далей ідуць прызначэнні Радзівіла ваяводам Трокскім у 1550-м годзе і Вялікім гетманам ВКЛ у 1553 годзе.
У 1560 годзе ён адпраўляецца на мяжу з Лівоніяй, і ў пачатку Лівонскай вайны рухаецца з войскамі ВКЛ у бок Дэрпа. 31 жніўня 1561 года пасля 3-х дзённай аблогі, маскоўскі гарнізон гарадской крэпасці здаецца на літасць літвінам.
Пасля таго як у 1563 годзе Радзівілу Рудому не ўдалося дапамагчы гарнізону Полацка, якой у выніку быў захоплены маскоўскімі войскамі, Радзівіл у наступным 1564 годзе паказаў, што з'яўляецца годным палкаводцам, войскі ВКЛ пад яго камандаваннем разбіваюць у некалькі разоў праўзыходныя сілы маскоўскага княства ў бітве на рацэ Ула.
Падчас падпісання Люблінскай уніі паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім у 1569 годзе Радзівіл выступіў супраць яе і ў Люблін для падпісання дамовы не з'явіўся. Але нягледзячы на негатыўнае стаўленне да Люблінскай уніі, ён усё ж падтрымаў новага караля польскага і Вялікага князя Літоўскага Стэфана Баторыя, а той, у сваю чаргу, пакінуў пасаду Вялікага гетмана Літоўскага за Радзівілам.
Падчас Полацкай кампаніі ў 1579 годзе Радзівіл выставіў сваіх 1000 вершнікаў і 100 пяхотнікаў, акрамя таго, сам асабіста браў удзел у аблозе і вызваленні Полацка ад маскоўскіх войскаў. У 1580-ым годзе ён таксама прымае ўдзел у вайне з Масквой і прысутнічае пры ўзяцці замкаў Усвяты і Азярышча. Акрамя гэтага, Мікалай Руды па абавязку службы ўдзельнічае і ў аблозе Пскова ў 1581 годзе.
Пасля смерці свайго брата Мікалая Радзівіла Чорнага, ён узначаліў плынь кальвіністаў на тэрыторыі ВКЛ. Мікалай Радзівіл Руды памёр 27 красавіка 1584 года ў Вільні, пазней ён быў пахаваны ў храме кальвеністаў у Дубінках.