Каля 1480-га года на свет з'явіўся Юрый Радзівіл, які пасля атрымаў мянушку "Віктар - Пераможца, Геркулес Літоўскі" за тое, што рэгулярна прымаў удзел у ваенных дзеяннях і выйграў, увогуле, 30 бітваў. Акрамя гэтага, ён з'яўляўся дзяржаўным дзеячам, і, пачынаючы з 1500-га года, займаў пасады намесніка мазырскага, мейшагалоўскага, мерацкага, вяленскага, уцянскага.
У 1508 годзе Радзівіл Геркулес удзельнічаў у вайне з Маскоўскім княствам. На наступны 1509 год ён атрымаў пасаду падчашага ВКЛ і будзе ім да 1517-га года. 1511 год прынёс Радзівілу пасаду літоўскага гетмана польнага і чарговую перамогу: ён разам са слуцкім князем Юрыем Алелькавічам разбіў татараў за 20 міль да Кіева ва ўрочышчы Рутка.
1512 год зноў знамянальны ў жыцці літоўскага Геркулеса. У гэтым годзе ён прыняў удзел у пераможнай бітве супраць татараў пад Вішнеўцам. Праз год пасля гэтай бітвы Юры Радзівіл зноў ваюе з ворагамі айчыны. На гэты раз ён ваяваў супраць Масквы ў бітве пад Оршай 8 верасня 1514-га года. У гэтай уражлівай па сваіх маштабах бітве ён камандуе лёгкай конніцай ВКЛ на левым фланзе. У баі Радзівіл праяўляе ўсю сваю адвагу, мужнасць і гонар, за што пасля перамогі над ворагам і атрымлівае сваю мянушку Віктара - Пераможцы, Геркулеса Літоўскага..
Пасля слаўнай перамогі ў бітве пад Оршай, яго чакае яшчэ нямала сур'ёзных бітваў. У 1517-ым годзе ён удзельнічае ў паходзе на Пскоў, у 1519-ым годзе змагаецца з маскоўскімі войскамі пад Крэвам, і з таго ж 1519-га года па 1521-ы год ваюе з Тэўтонскім ордэнам.
З 1520-га года Радзівіл Пераможца займае новую дзяржаўную пасаду і становіцца кашталянам Трокскім, а з 1522-га - Віленскім. Але на гэтым ён не спыняецца і працягвае служыць і абараняць сваю дзяржаву. У 1527 годзе ўдзельнічае ў бітве на рацэ Альшанка, дзе войскі ВКЛ пад камандаваннем Канстанціна Астрожскага зноў разбіваюць татараў, і ў гэтым жа годзе Радзівіл атрымлівае чарговую дзяржаўную пасаду маршалка надворнага.
Дзякуючы сваёй дзяржаўнай дзейнасці і баявым заслугам ён дасягнуў вялікага ўплыву ў Вялікім княстве Літоўскім і ў 1530-м годзе ўжо ўваходзіў у магнацкі трыумвірат, дзе разам з канцлерам ВКЛ Альбрэхтам Гаштольдам і Жамойцкім старастам Янам Радзівілам фактычна кіраваў Вялікім княствам Літоўскім у адсутнасць Вялікага княства Літоўскага.
Наступны 1531 год, становіцца самым значным у ваеннай кар'еры Радзівіла Пераможцы, яго прызначаюць на самую галоўную ваенную пасаду ў ВКЛ, ён становіцца Вялікім гетманам Літоўскім. Пасля прызначэння Радзівіл па-ранейшаму абараняе межы княства, і з 1534-га па 1537 год ваюе з Маскоўскім княствам. Падчас гэтай вайны ён возьме гарады Гомель і Старадуб.
Юры Радзівіл Геркулес быў двойчы жанаты. Упершыню ён ажаніўся з Барбарай Кішкай, але яна рана памерла. Другі раз ён узяў за жонку 22-гадовую Барбару са знакамітага роду Колаў, якая з'яўлялася дачкой багатага галіцкага каменданта Паўла. У іх нарадзілася трое дзяцей: сын Мікалай і дзве дачкі Ганна і будучая Вялікая княгіня Літоўская і каралева Польская Барбара Радзівіл. Памёр Юры Радзівіл у 1541-ым годзе.