Полацк у 16-ым стагоддзі быў буйным гандлёвым горадам і важным стратэгічным аб'ектам на Заходняй Дзвіне, які меў прамую сувязь па рацэ з Рыгай, а акрамя гэтага ён абараняў з поўдня Лівонію і адкрываў дарогу на сталіцу ВКЛ Вільню. Гэта і стала асноўнай прычынай для аблогі горада 31-га студзеня 1563 года маскоўскімі войскамі пад камандаваннем Івана Грознага падчас Лівонскай вайны.
Па розных падліках у Маскоўскім войску было ад 60 да 150 тысяч чалавек і 200 аблогавых гармат. Полацкі гарнізон налічваў усяго толькі 2000 салдат ВКЛ, 1400 польскіх наймітаў, нямецкую роту і 38 гармат.
Аблогу горада пачалі з абстрэлу з гармат, і на наступны ж дзень, 1-га лютага, гарматным стрэлам быў забіты ротмістр Ягор Галубіцкі, які, уласна, і ўзначальваў абарону горада. На месца Галубіцкага ўстаў Станіслаў Давойна, Полацкі ваявода.
Становішча гараджан з кожным днём пагаршалася, кольца вакол горада сціскалася. Маскавітам нават удалося штурмам уварвацца ў гарадскі пасад і захапіць адну вежу, але абаронцы змаглі іх выбіць за сцены горада.
Пасля 5-га лютага палачане вырашылі пайсці на перамовы, і, тым самым, выйграць час, у надзеі, што да іх на дапамогу прыйдуць літоўскія войскі. Аднак полацкі пасол Васіль Грыбун не змог пераканаць Івана Грознага спыніць агонь. Маскоўскі князь разумеў, што гараджане цягнуць час, спадзеючыся на падмогу, гэта, зразумела не ўваходзіла ў яго інтарэсы. Да таго часу, у 8-мілях ад Полацка, устаў Мікалай Радзівіл Руды і Юрый Хадкевіч з атрадам у 2500 чалавек. Аднак гэтых сіл відавочна было недастаткова, каб супрацьстаяць Маскоўскай Ардзе. І Радзівіл, бачачы, што гораду нічым не зможа дапамагчы, вымушаны быў вярнуцца назад у Менск, адкуль ён прыйшоў.
7-га лютага да сцен Полацка маскавіты падвезлі асноўныя буйныя абложныя гарматы, а 8-га пачаўся бесперапынны абстрэл ГАРАДСКОГА пасада. На наступны дзень, 9-га лютага, Станіслаў Давойна, сумняваючыся ў трываласці пасадскіх сцен, загадаў сваім сілам адступіць у Верхні замак, а пасад загадаў падпаліць. Маскоўскія ратнікі, заўважыўшы пажар, прарваліся ў пасад і завязалі бой з палачанамі. Каля 10 тысяч простых жыхароў Полацка і вёсак, якія знаходзіліся ў гарадскім пасадзе, бачачы падзеі, якія адбываюцца і не жадаючы бегчы ў Верхні замак, вырашылі здацца на ласку Івану Грознаму, які дэманстратыўна і ласкава прыняў іх.
На наступны дзень Маскоўская артылерыя заняла згарэлы пасад і пачала абстрэл замка з усіх бакоў. Да 15-га лютага сцены сталі разбурацца, а пажар, які пачаўся, ужо немагчыма было патушыць. Давойна вырашыў здацца ворагу на ласку і разам з полацкім епіскапам Гарабурдаю, салдатамі, і іншымі ацалелымі гараджанамі выйшаў за сцэны замка.
Нягледзячы на ўсе свае абяцанні, Іван Грозны дазволіў войскам разрабаваць горад. Тых, за каго можна было атрымаць грошы ці абмяняць на сваіх воінаў, ён паланіў, а тых, за якіх нічога нельга было ўзяць, загадаў забіць, а трупы выкінуць у Дзвіну. Тая ж доля спасцігла і полацкіх яўрэяў, іх усіх, у тым ліку і дзяцей, нягледзячы на маленні выкупіць свае жыцці, утапілі ў Дзвіне. Усе астатнія жыхары, каля 50 тысяч, былі сагнаныя ў якасці рабоў у Масковію, і пазней частка з іх была прададзеная на азіяцкіх рынках. Каталіцкіх манахаў-бернардынцаў засяклі татары маскоўскага войска, а храм спалілі. Пасля гэтага ў Полацку з'явіліся мясцовыя каталіцкія святыя, мучанікі Дамінік, Адам і Пётр, якія згарэлі разам са сваім Касцёлам.
Іван Жахлівы адпусціў толькі 5-х палякаў, якіх узнагародзіў футрамі і золатам, узятых з захопленай Полацкай казны, такім чынам спрабуючы паказаць, што ён не жадае вайны з Польшчай. Што тычыцца нямецкіх наймітаў, то тыя, хто выжыў, перайшлі на Маскоўскую службу.
Пасля захопу і спусташэння Полацк быў адбудаваны, але так і не змог аднавіць веліч і славу буйнога гандлёвага і культурнага цэнтра, якім быў раней.