Да гэтага часу першапачатковае месцазнаходжанне летапіснай Літвы выклікае шмат спрэчак. Вылучана шмат тэорый і здагадак, дзе менавіта зарадзілася Літва, якая стала ў выніку Вялікім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. Сярод мноства тэорый і здагадак можна больш-менш дакладна вызначыць прыблізнае знаходжанне першых земляў пад назвай Літва.
Так у «Кведлінбургскіх аналах» апісваецца смерць каталіцкага місіянера Бруна Кверфурцкага ў 1009 годзе, забітага на мяжы Літвы і Русі каля цяперашняга беларускага горада Пінска.
Беларускі гісторык Мікалай Ермаловіч у сваёй працы "Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае" даказвае, што тэрыторыя Літвы першапачаткова знаходзілася на нашых землях. Ён грунтуецца на запісах у Іпацьеўскіх летапісах, у якіх гаворыцца, што ў 1159 годзе мінскі князь Валадар Глебавіч хадзіў пад Літвой і ён жа, у 1162 годзе, з Літвою выступіў у паход на свайго суперніка. Там жа, у Іпацьеўскіх летапісах, згадваецца аб будаўніцтве ў 1262 годзе князем Войшалкам манастыра пры ўпадзенні ракі Валоўкі ў Нёман, паміж Літвою і Навагрудкам, дзе зараз знаходзіцца вёска Лаўрышава. Гэтыя запісы даюць падставу меркаваць, што Літва знаходзілася на захадзе ад Мінска і паўночным усходзе ад Навагрудка.
На поўдні знаходзіліся Пінскія землі, што таксама засведчана Іпацьеўскімі летапісамі. У апісаннях супрацьстаянняў Літвы з Галіцка-Валынскімі князямі мы знаходзім звесткі, што і дружыны Літвы, і атрады Галіцка-Валынскіх ваяроў хадзілі сябар на сябра праз Пінскія землі і балоты. І калі галіцка-валынскія князі адправіліся на Навагрудак, яны прайшлі па землях Літвы, пра што згадваецца ў летапісах за 1253 год.
Нараўне з Іпацьеўскім у Густынскім летапісе згадваецца 1128 год, у якім кіеўскі князь Мсціслаў паслаў свае войскі да Ізяслаўля ў Літву, гэта сучасны беларускі горад Заслаўе, размешчаны недалёка ад Мінска, на паўночным захадзе.
Пра тое, што Літва знаходзілася ў раёне басейна ракі Нёман, паміж Навагрудкам на поўначы, Пінскім на поўдні і Мінскім на ўсходзе гавораць і тапонімы, якія захаваліся да гэтага часу на гэтых тэрыторыях. Яны сустракаюцца ў назвах рэчак, вёсак і мястэчак у Ляхавіцкім, Стаўбцоўскім, Маладзечанскім, Уздзенскім, Слонімскім, раёнах Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.
Гістарычныя крыніцы і назва мясцовасцей, якія знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь, у сучасных спрэчках аб першапачатковым знаходжанні Літвы больш падрабязна і дакладна паказваюць, што менавіта тэрыторыя гэтых раёнаў з'яўлялася першапачатковым месцам яе знаходжання.