17 лістапада 1669-га года ў Кракаве нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл. Гэта здарылася якраз напярэдадні каранацыі караля Рэчы Паспалітай Міхаіла Вішнявецкага ў якой бралі ўдзел і бацькі немаўляці, Міхаіл Казімір Радзівіл і Кацярына Сабеская. Нядзіўна, што кароль Міхась і стаў хросным бацькам нованароджанага хлопчыка.
Пачатковую адукацыю Караль Станіслаў атрымаў дома ў Нясвіжы, а калі яму споўнілася 10 год, яго адправілі вучыцца ў Люблін. У 16 гадоў Караль Радзівіл атрымлівае свой першы тытул - стольнік літоўскі. У 1684 годзе Радзівіл адпраўляецца вучыцца ў Еўропу; за час падарожжа ён наведвае Кракаў, Франкфурт, Берлін, Прагу, Лондан і Оксфард, і па вяртанні дадому ў 1686 годзе яго прызначаюць канюшам ВКЛ.
У вайсковай справе Караль Станіслаў Радзівіл упершыню праявіў сябе ў кампаніі 1688-га года супраць туркаў і татараў, а праз два гады ў 1690-м годзе ён становіцца канцлерам ВКЛ. Наступную пасаду маршала трыбунала ВКЛ ён атрымаў у 1694 годзе.
Радзівіл, дзякуючы сваёй дзейнасці, стаў вельмі ўплывовым чалавекам у ВКЛ і за тое, што прытрымліваўся цэнтральнай пазіцыі ў барацьбе магнатаў за ўплыў, заслужыў любоў у шляхты, ад якой і атрымаў мянушку Юстус («Справядлівы»). У барацьбе за ўладу ў Рэчы Паспалітай Караля Радзівіла разглядалі як аднаго з кандыдатаў на трон замест Аўгуста II, якога частка магнатаў хацела зрушыць, што і стала адной з прычын распачатай паўночнай вайны ў 1700 годзе. Радзівіл актыўна ўдзельнічаў у вайне супраць шведаў, якія падтрымлівалі Аўгуста II, і не раз сустракаўся з гэтай нагоды з Расійскім царом Пятром I. Шведы, якім не ўдалося перавабіць на свой бок уплывовага Караля Радзівіла, спалілі і разрабавалі амаль усе яго гарады і маёнткі, адным з першых сярод іх быў Нясвіж.
Юстус Радзівіл быў жанаты на Ганне Сагнушцы, а пажаніліся яны вельмі незвычайным спосабам. Маці Караля Радзівіла, Кацярына Сабеская, паклікала сваю далёкую сваячку Ганну Сагнушку і сказала ёй надзець белую сукенку, а ўвечары з'явіцца ў парафіяльную царкву. Дзяўчына падумала, што будзе прысутнічаць на шлюбнай цырымоніі адной са сваіх сябровак і зрабіла ўсё, як ёй было сказана. Аднак нявестай стала не яе сяброўка, а яна сама. Ганна аб сваім шлюбе і аб сваёй будучыні жонцы даведалася знаходзячыся прама ў царкве. Караль Радзівіл будучы ў такім жа няведанні, як і яго нявеста, толькі перад алтаром даведаўся, што жэніцца на Ганне Сагнушцы. Як і разлічвала яго маці, ён пагадзіўся на гэты шлюб, бо яго адмова палічылася б абразай для дзяўчыны і выклікаў бы вялікі скандал. У шлюбе ў іх нарадзілася 13 дзяцей, сем дзяўчынак і 6 хлопчыкаў. Памёр Караль Станіслаў Радзівіл 2 жніўня 1719-га года.