Нарадзіўся Крыстаф Казімір Сеніцкі ў 1671 годзе ў сям'і Веспасіяна Сеніцкага, шляхціца і адміністратара ўладанняў Багуслава Радзівіла з радавым гербам «Боньча». Пачатковую адукацыю ён атрымаў хутчэй за ўсё дома, затым вучыўся ў Кёнігсбергскім і Лейдэнскім універсітэтах.
Пасля вучобы Сеніцкі трапляе ў акружэнне караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Моцнага. У 1700 годзе яго прызначаюць харунжым Ноўгарад-Северскім, а таксама камісарам па справах саксонскага войска. Хутчэй за ўсё, Крыстаф Казімір пад камандаваннем М. Вішнявецкага ўдзельнічаў у бітве пры Алькеніках супраць Сапегаў.
У час Паўночнай вайны ён прыняў удзел ва ўзяцці Быхаўскага замка, у гэты перыяд часу ўладальнік замка, Казімір Сапега, выступаў на баку шведаў. У апошнія дні жніўня 1702 года Крыстаф Казімір узначаліў аблогу. Загадаў акружыць горад шанцамі і равамі, таксама ўзмацніў аблогавую артылерыю пятнаццаццю гарматамі, прывезенымі з Магілёва. І праз паўтара месяца, пад бесперапынным артылерыйскім абстрэлам, замку прыйшлося здацца. Гарнізон, які знаходзіўся ў Быхаве, па ўмовах капітуляцыі прысягнуў на вернасць Аўгусту ІІ. Пасля ўзяцця горада Крыштафа Сеніцкага прызначылі кашталянам Быхаўскага гарнізона і адміністратарам Быхаўскіх тэрыторый.
У наступным 1703 годзе Сеніцкі ўжо мечнік вялікі літоўскі, генерал-маёр артылерыі ВКЛ і камандзір пяхотнага палка. У 1704 годзе, у падтрымку Аўгуста II, ён прыняў удзел у стварэнні Сандамірскай канфедэрацыі. Ваяваў супраць шведаў і іх прыхільнікаў у Жамойціі, Курляндыі і Польшчы. Вымусіў прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага збегчы ў Прусію. 12 лістапада 1704 года ваяваў у пераможнай бітве пад Шкудамі супраць літоўскага войска Сапегаў, які на той момант знаходзіўся на баку шведаў, імі камандаваў мінскі ваявода Завіша. Пры падтрымцы расейскіх войскаў Аляксандра Меньшыкава і саксонцаў удзельнічаў у наступе на Варшаву. За свае ваенныя заслугі Сяніцкі атрымаў ва ўладанне Чачэрскае староства.
У лютым 1707 года Крыстаф Сеніцкі пацярпеў шэраг параз. Спачатку яго разбіў у бітве пад Алітай Ян Казімір Сапега, а потым дасталася ад шведаў. Крыстаф Сеніцкі вымушаны быў зачыніцца ў Быхаўскім замку. Дарэчы адзін цікавы гістарычны факт, падчас аблогі, Сяніцкаму давялося сустрэцца з Пятром I на Дняпры, і на просьбу Пятра аб размяшчэнні расійскага гарнізона ў крэпасці адказаў адмовай. Што ж да самога Быхава, то пачаў Сеніцкі з умацавання бастыёна, ператварыўшы яго ў першакласную фартыфікацыю.
Пасля адрачэння Аўгуста ІІ ад прастола новым каралём Рэчы Паспалітай стаў Станіслаў Ляшчынскі. Новы кароль Сеніцкаму даў амністыю, але пазбавіў пасады мечніка вялікага літоўскага. У той жа час ён быў абраны дэпутатам Вялікага Літоўскага Трыбунала ад Пінскага павета.
На ўсім працягу паўночнай вайны і саюзніцтва з расійскімі войскамі Крыстаф Сеніцкі бачыў што Пётр I, са сваімі войскамі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, паводзіць сябе не як саюзнік, а больш як вораг, які спальвае і рабуе гарады і храмы. Хутчэй за ўсё гэта і паслужыла нагодай таму, што ён са сваім стрыечным братам Людвігам Сеніцкім, узняў антырасейскі мяцеж. Гэтаму таксама спрыяла і тое, што новы кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Ляшчынскі быў прыхільнікам шведскага караля Карла XII.
У траўні 1707 г. Крыстаф Казімір Сеніцкі перахапіў расійскі абоз з грашыма, які ішоў са Смаленска. Перабіў эскорт і захапіў царскую казну. Таксама ён апавясціў прыхільнікаў Сапегаў аб пачатку паўстання і напісаў ліст шведскаму каралю, у якім прасіў прыйсці шведаў на Падняпроўе, абяцаючы поўную падтрымку. Аднак пры пераправе цераз Бярэзіну, Сеніцкі быў разбіты расійскім атрадам Рыгора Валконскага, яму давялося адступіць да Быхава. Ён трымаў аблогу ад расейскіх войскаў і войска ВКЛ пад камандаваннем Рыгора Агінскага.
Праз месяц аблогі, пад бесперапынным гарматным агнём, знішчальным бастыённыя ўмацаванні, з прычыны адсутнасці дапамогі, Сеніцкі прыняў рашэнне капітуляваць. 25 чэрвеня на ганаровых умовах быў падпісаны акт капітуляцыі. Згодна з гэтым актам новы гарнізон павінен быў складацца з войскаў ВКЛ і Расіі і мець двух камендантаў. Гарадская і замкавая артылерыя заставалася на месцах, а для жыхароў горада захоўваліся старыя правы і прывілеі. Гарнізон які капітуляваў меў права вольна пакінуць горад.
Але пасля здачы горада, нягледзячы на падпісаныя ўмовы Пётр I загадаў арыштаваць братоў Сеніцкіх і адправіць у Маскву. У Быхаве застаўся толькі расійскі гарнізон, які праз сем гадоў, сыходзячы з горада, падарваў і разбурыў былы знакаміты бастыён. А гарматы, якіх у Быхаве было больш за два дзясяткі, былі адпраўленыя па Дняпры ў Кіеў. Самога ж Крыстафа Казіміра Сеніцкага з Масквы вывезлі ў Сібір, дзе ён у 1711 годзе памёр ад цынгі і быў пахаваны на безназоўным беразе ракі Об.