Нарадзіўся Крыштаф Радзівіл Пярун у сям'і Вялікага гетмана Літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога 9 лютага 1547-га года.
З самага дзяцінства Крыштаф марыў пра вайсковую славу. Дзеі і дасягненні ў ратнай справе дзеда Юрыя Радзівіла Геркулеса і бацькі не маглі пакінуць хлопчыка абыякавым. А Мікалая Радзівіла вельмі радавала імкненне хлопчыка спасцігнуць ваеннае мастацтва і таму ён ускладаў на сына, як прадаўжальніка сваіх спраў, усе надзеі. У 1564 годзе ён узяў Крыштафа на вайну супраць Маскоўскага княства, дзе 16-гадовы юнак і атрымаў сваё першае баявое хрышчэнне ў пераможнай бітве на рацэ Ула.
У 1567 годзе Крыштаф Радзівіл быў прызначаны крайнім ВКЛ. Увесь гэты час юнак увесь час вучыцца: яго бацька навучае сына не толькі ваеннай справе, але і дыпламатыі, і дзяржаўнай дзейнасці. У 1567 годзе Крыштаф Радзівіл, паводле пратэкцыі бацькі, прымае ўдзел у перамовах з маскоўскімі пасламі ў Гродне ў перыяд правядзення сойму. Ён выконваў прадстаўніцкую ролю і, 10-га жніўня разам з падскарбіем Астафіем Валовічам, сустракаў паслоў каля вялікакняскага замка, а ўжо 16-га жніўня прадстаўляў іх Вялікаму князю Літоўскаму Жыгімонту Аўгусту. Пасля гэтага Крыштаф Радзівіл быў прызначаны начальнікам асабістай аховы князя на пасадзе ротмістра надворнай коннай харугвы.
У лютым наступнага 1568-га года Радзівіл атрымлівае новы ваенны вопыт пры няўдалай трохтыднёвай аблозе замка Улы. Нягледзячы на тое, што ўзяць замак не ўдалося, для Крыштофа гэта было карысным урокам па стратэгіі: як не трэба штурмаваць варожыя замкі.
21 студзеня 1571-га года ён ажаніўся з дачкой варшаўскага старасты Ганнай Сабек. На няшчасця бацькоў, хлопчык і дзяўчынка якія нарадзіліся ў гэтым шлюбе памерлі ў раннім узросце.
10 мая 1572-га года Крыштаф Радзівіл быў прызначаны Жыгімонтам Аўгустам на пасаду польнага Гетмана ВКЛ. Пасля прызначэння ён адправіўся на чале свайго атрада ахоўваць паўночна-ўсходнія межы княства.
У час перамір'я з Масквой у Лівонскай вайне, Радзівіл удзельнічаў у палітычным жыцці ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ён разам са сваім бацькам на выбарах новага караля Рэчы Паспалітай падтрымаў кандыдатуру Генрыха Валуа і пасля яго перамогі прысутнічаў 18 лютага 1574 года на каранацыі ў Кракаве. А ўжо пасля ўцёкаў Генрыха Валуа, Крыштаф падтрымаў новую кандыдатуру Стэфана Баторыя, які пасля каранацыі пакінуў за Радзівілам усе яго пасады і прывілеі.
Пасля смерці першай жонкі Ганны Сабек 15 студзеня 1578-га года Крыштаф неўзабаве ажаніўся другі раз з Кацярынай Астрожскай, дачкой кіеўскага ваяводы Канстанціна Астрожскага; яму патрэбны былі спадчыннікі. Вяселле адбылося 22 ліпеня 1578 года. Кацярына нарадзіла Радзівілу сына Януша і, праз паўгода пасля яго нараджэння, 3 жніўня 1579 года памерла.
Першыя войскі пад сваё камандаванне Крыштаф Радзівіл Пярун атрымаў у 1578 годзе, сваім прывілеем Стэфан Баторый прызначыў яго камандаваць войскамі ў Лівоніі. Праз год, камандуючы дзвюма тысячамі вершнікаў, ён адсвяткаваў сваю першую самастойную перамогу. Вяртаючыся з ваеннага рэйду па акрузе Дэрпа (Тарту), ён аблажыў замак Керпец (Кірамне) і 11 лютага 1579-га года ўзяў яго штурмам. У гэтым жа 1579 годзе Радзівіл удзельнічаў у кампаніі па вызваленні Полацка ад маскоўскіх войскаў. Са сваім атрадам ён блакіраваў замак Сокал, бо штурмам яго было не ўзяць, а разам з замкам была перакрыта і дарога на Полацк. Пры такім раскладзе магчымасць нечаканага ўдару па войсках Рэчы Паспалітай фактычна выключалася. За гэта, 16-га кастрычніка 1579-га года, Стэфан Баторый сваім прывілеем прызначыў Крыштофа Радзівіла Трокскім кашталянам, а крыху пазней пагадзіўся даць яму пасаду падканцлера ВКЛ. Нягледзячы на атрыманыя высокія пасады, Радзівіл працягнуў несці ваенную службу і прыняў удзел ва ўзяцці Вялікіх Лук.
10 ліпеня 1581-га года, у адказ на спаленыя пасады Оршы, Шклова, Магілёва, Дуброўны, Радамля і Копысі, Стэфан Баторый прыняў рашэнне адправіць з рэйдам у адказ у Маскоўскае княства Крыштофа Радзівіла Пяруна. Яго паход пачаўся 5 жніўня ў Віцебску. Ён атрымаў у падмацаванне чатыры тысячы чалавек і тады, маючы прыблізна ў сваім распараджэнні ад 7 тысяч чалавек, ён пайшоў на Сураж.
У гэтым паходзе Радзівіл карыстаўся тактыкай выпаленай зямлі, пакідаючы пасля сябе толькі попел. Дзейнічаў ён вокамгненна і нечакана з'яўляўся там, дзе яго не чакалі. Ад Суража, спальваючы ўсё на сваім шляху, Крыштаф Радзівіл Пярун дайшоў да Ржэва, а ад Ржэва да Волгі, і выйшаў да яе берагоў 26-га жніўня каля Прачысценскага манастыра. Даведаўшыся, што недалёка ў Старыцы знаходзіцца сам Іван Грозны, Радзівіл пачаў з таго, што запаліў найбліжэйшыя вёскі і мястэчкі. Аднак, на прапанову сваіх памочнікаў аблажыць само мястэчка, дзе быў маскоўскі цар, не пагадзіўся. Ад уцекача царскага пасцельнічага Данілы Крыштаф Пярун даведаўся, што Іван Грозны думае толькі аб тым, як уцячы са Старыцы і ўжо адправіў у Маскву сваю жонку з дзецьмі.
Напалохаў маскоўскага цара, Радзівіл адправіўся да Таропца, там, прастаяўшы два дні і спаліўшы акругі, ён пайшоў да горада Старая Руса, дзе былі царскія саляварні, якія давалі маскоўскаму цару прыбытак каля 200 тысяч рублёў. Старую Русу напаткаў той жа лёс, што і ўсе гарады і вёскі на шляху Пяруна. Горад быў спалены разам з саляварнямі, а літоўскія войскі пайшлі далей да Порхава. Гэты горад Радзівіл вырашыў узяць, і з 10-га па 19-га кастрычніка трымаў яго ў аблозе. Толькі загад караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя ісці да Пскова выратаваў горад ад захопу. 26-га кастрычніка Радзівіла сустракалі ў каралеўскім лагеры пад Псковам.
Напалоханы паходам Радзівіла і стаялымі войскамі Рэчы Паспалітай пад сценамі Пскова, Іван Грозны даў згоду на пачатак перамоваў аб заключэнне міру. Менавіта пасьля гэтага паходу і сталі называць Крыштофа Радзівіла Пяруном за тое, што ён падобна паганскаму славянскаму богу выпаліў зямлю, па якой ішоў, і навёў жах на ворагаў сваіх.
19-га сакавіка 1592-га года Радзівіл ажаніўся трэці раз з Кацярынай Цянчынскай. У гэтым шлюбе з'явіліся на свет дачка Эльжбета і сын Крыштаф.
Пасля заканчэння лівонскай вайны Крыштаф Радзівіл Пярун працягнуў займацца дзяржаўнай дзейнасцю на пасадзе падканцлера і 15-га снежня 1584 года быў прызначаны Віленскім ваяводам. Аднак, прыняўшы гэты сан, ён быў вымушаны адмовіцца ад пасады падканцэлера ВКЛ.
Пасля смерці Стэфана Баторыя Крыштаф Радзівіл зноў прыняў удзел у выбарах новага караля Рэчы Паспалітай. З абраным каралём Жыгімонтам Вазай адносіны ў Радзівіла не складаліся. Прычынай было тое, што Радзівіл разам са Львом Сапегам і іншымі магнатамі ВКЛ быў прыхільнікам самастойнасці Літвы, а таксама быў адным з тых, хто прыняў удзел у зацвярджэнні статута ВКЛ. Гэты статут, падчас выбараў караля Рэчы Паспалітай у 1588-ым годзе, быў вымушаны падпісаць Жыгімонт Ваза ў абмен на падтрымку літоўскіх магнатаў і шляхты. Менавіта з гэтага моманту і пачалося супрацьстаянне паміж каралём і Радзівілам. Выкарыстоўваючы любыя магчымасці, Пярун спрабаваў супраціўляцца ўсім пачынанням і намерам, якія зыходзяць ад караля ў дачыненні да Літвы. Так у 1595 годзе быў сарваны збор падаткаў у ВКЛ на вайну з татарамі. Радзівіл адмовіўся ўдзельнічаць у перамовах з імператарскімі амбасадарамі аб удзеле Рэчы Паспалітай у антытурэцкай лізе, разумеючы, што гэтая задума нямецкіх Габсбургаў нічым добрым для Літвы не скончыцца. Будучы лідэрам пратэстантаў у ВКЛ, Крыштаф Радзівіл выступаў супраць царкоўнай уніі каталікоў і праваслаўных, лічачы, што гэта выкліча сур'ёзнае супраціўленне праваслаўных. У адказ Жыгімонт Ваза адказваў тым жа, ігнараваў усе прапановы і заўвагі Радзівіла па знешняй і ўнутранай палітыцы Рэчы Паспалітай ды і па іншых пытаннях таксама.
У трэці раз Радзівіл заўдавеў 19-га сакавіка 1592 года, яго жонка Кацярына Цянчынская памерла ў Міры. Крыштаф Радзівіл быў удаўцом два гады, і зноў ажаніўся чацвёрты раз на Эльжбеце Астрожскай 24-га жніўня 1594 года ў Любліне.
Ад дзяржаўнай дзейнасці Радзівіл адцягваўся толькі тады, калі быў заняты вайной. У 1601 годзе ён зноў абараняў айчыну, на гэты раз ад шведаў. У Лівоніі, разам з Янам Хадкевічам, ён, 21-га чэрвеня, разбіў пад Какенгаўзенам шведаў, а потым узяў горад Вендэн. 24-га чэрвеня Радзівіл аблажыў Румбарг, але з-за недахопу салдат у войску праз месяц зняў аблогу з горада. Неўзабаве ён злучыўся з польскім войскам, а затым адмовіўся камандаваць войскамі ў Лівоніі ў адказ на нежаданні Жыгімонта Вазы прыняць яго план па наборы новых войскаў. Гэта была апошняя ваенная кампанія для Крыштофа Радзівіла Пяруна, 20-га лістапада 1603 года ён памёр у маёнтку сваёй дачкі Эльжбеты ў Слонімскім павеце.