Нарадзіўся Міхаіл Сервацый Вішнявецкі 13 мая 1680 года ў Львове. Род яго быў княскім герба «Карыбут», і вёў ён свой радавод ад Карыбута, сына вялікага князя літоўскага Альгерда. Прозвішча роду Вішнявецкіх пайшло ад замка Вішнявец у Камянецкім павеце на Валыні, якім валодаў унук Карыбута Міхаіл.
У 1686 годзе памёр родны бацька Міхаіла Канстанцін Кшыштаф Вішнявецкі і фактычна яго выхаваннем займаўся айчым Ян Караль Дольскі. Юны князь вучыўся ў Львове ў езуіцкім каледжы да 1695 года. Пасля смерці айчыма ў тым жа 1695 годзе, каб атрымаць маёмасць мужа, маці Міхаіла хутка арганізавала яго вяселле з Катажынай, дачкой Яна Караля Дольскага ад першага барка. З ёй ён пражыў да яе смерці ў 1721 годзе, і яна нарадзіла яму дзвюх дачок, Ганну і Кацярыну.
Бо на момант вяселля Міхасю Вішнявецкаму было ўсяго 15 гадоў, то ён амаль адразу ж пасля вяселля адправіўся вучыцца ў ваенную акадэмію Парыжа. І правучыўшыся там адзін год вярнуўся на радзіму ў 1697 годзе для ўдзелу ў выбарах караля Рэчы Паспалітай, на якіх ён падтрымаў кандыдатуру Аўгуста ІІ Моцнага.
Ваенная і палітычная дзейнасць Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага пачалася падчас грамадзянскай вайны ў ВКЛ. У 1700 годзе ён, узначаліўшы апазіцыю не задаволеную дамінуючым становішчам сям'і Сапегаў ва ўладзе, і разбіў іх у бітве пад Алькенікамі.
У 1702 годзе Міхаіл Вішнявецкі быў прызначаны на пасаду польнага гетмана літоўскага. Праз год ён атрымаў булаву вялікага гетмана літоўскага, а таксама быў прызначаны віленскім кашталянам. У 1706 г. яго прызначалі на пасаду ваяводы віленскага.
У 1707 годзе Аўгуст II Моцны зракаецца трона пад ціскам канфедэратаў на чале са Станіславам Ляшчынскім, якога падтрымліваў шведскі Кароль Карл XII. Міхаіл Сервацый Вішнявецкі, хоць і прызнае новага караля, аднак пазбаўляецца пасад вялікага гетмана літоўскага і віленскага ваяводы.
Пасля паражэння шведаў пад Палтавай Вішнявецкі быў арыштаваны рускімі і вывезены ў Расію, адкуль у 1709 годзе яму ўдалося збегчы. І паколькі ў Літву ён не мог вярнуцца з-за прысутнасці там расейскіх войскаў ён вымушаны быў знаходзіцца на эміграцыі да 1716 года.
Толькі пасля таго як у 1716 годзе Аўгуст ІІ Моцны вярнуў сабе трон Рэчы Паспалітай, Міхаіл Вішнявецкі вяртаецца ў ВКЛ. Аднак ранейшыя пасады ён атрымаў не адразу, бо яны ўжо былі заняты іншымі прыхільнікамі караля. Аўгуст II толькі ў 1720 годзе прызначыў яго канцлерам ВКЛ, бо гэтая пасада вызвалілася.
У 1725 годзе Вішнявецкі ажэніцца другі раз на Марыі Магдалене Чартарыйскай, дачцэ князя Юзафа Чартарыйскага, вялікага харунжага літоўскага і старасты пінскага. Аднак шлюб іх працягнуўся не доўга, бо Марыя памерла ў 1728 годзе.
Праз два гады ў 1730 годзе князь Міхаіл Сервацый Вішнявецкі ажэніцца трэці раз з Феклай, дачкой Караля Станіслава Радзівіла. У гэтым жа годзе яго прызначаюць рэгіментарам літоўскага войска.
У 1733 годзе памёр кароль Аўгуст ІІ. Вішнявецкі падтрымаў кандыдатуру яго сына Аўгуста ІІІ на трон Рэчы Паспалітай, а той у сваю чаргу, пасля каранацыі, у знак падзякі, вярнуў яму пасады віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага ў 1735 годзе.
Апроч ваеннай і палітычнай дзейнасці Міхаіл Сервацый Вішнявецкі, гэтак жа пісаў кнігі і займаўся паэзіяй. Памёр ён 16 верасня 1744 г. у Львове.