Міхаіл Юзэф Масальскі нарадзіўся каля 1700 года і належаў да княжага роду, які паходзіў ад Рурыкавічаў. Бацькам Міхаіла быў стараста гарадзенскі Ян Масальскі, а маці Ганна Валовіч. Адукацыю атрымаў у Віленскай акадэміі.
У 1717 годзе Масальскі атрымлівае свае першыя пасады Тіуна і старасты радашкоўскага, а з 1718 года пачынае пастаянна прымаць удзел у соймах на якіх выступаў як прыхільнік каралеўскага двара і партыі Чартарыйскіх.
У 1726 годзе Міхаіл Юзэф Масальскі атрымлівае пасаду вялікага пісара літоўскага і дапамагае Міхаілу Чартарыйскаму стаць вялікім канцлерам літоўскім. Таксама з'яўляўся прыхільнікам Сапегаў у іх спрэчцы з Радзівіламі за Нойбургскія маёнткі, у склад якіх уваходзіў горад Слуцк.
У 1733 годзе Масальскага выбіраюць соймавым маршалкам. У гэты ж час на элекцыйным сойме ён падтрымлівае Станіслава Ляшчынскага ў барацьбе за каралеўскі пасад Рэчы Паспалітай і змагаецца на яго баку. Аднак пасля паражэння Ляшчынскага ў вайне за трон вымушаны быў бегчы ў Кёнігсберг.
Прабыўшы не працяглы час у Прусіі Міхась Юзэф вяртаецца на радзіму і прызнае каралём Аўгуста III перайшоўшы на яго бок. У 1737 годзе яго прызначаюць ваяводам мсціслаўскім, у 1742 годзе кашталянам троцкім, а ў 1744 годзе кашталянам віленскім і польным гетманам літоўскім.
Да 1747 года Масальскі падтрымліваў Сапегаў у іх барацьбе з Радзівіламі, аднак гэтыя адносіны паступова астылі і ён яшчэ больш зблізіўся з Чартарыйскімі, прымаючы ўдзел у іх імкненні рэфармаваць дзяржаву. І пасля разрыву апошніх з каралеўскім дваром заставаўся іх саюзнікам. У 1756 годзе разам з імі працягнуў барацьбу з Радзівіламі, на гэты раз за пасаду маршалка трыбунала ВКЛ, на якую ў выніку быў абраны прыхільнік Чартарыйскіх Я. Флемінг.
У 1762 годзе Міхаіла Юзэфа Масальскага прызначаюць на пасаду Вялікага гетмана Літоўскага. У 1763 годзе ён разам з Чартарыйскімі падпісаў маніфест супраць Радзівілаў падчас выбараў новага маршалка трыбунала ВКЛ.
Пасля смерці Аўгуста ІІІ разам з Чартарыйскімі на выбарах новага караля Рэчы Паспалітай падтрымліваў кандыдатуру Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1764 годзе, пры дапамозе расійскіх войскаў, Панятоўскі заняў трон, і адразу ж на каранацыйнай сойме была прынята пастанова аб стварэнні вайсковай камісіі ВКЛ, якая абмяжоўвае правы гетманаў. Гэта прывяло да разрыву адносін Масальскага з Чартарыйскімі, і ён пачаў перашкаджаць стварэнню пра каралеўскай партыі Панятоўскага ў ВКЛ, пры гэтым, імкнучыся, стварыць сваю магутную групоўку, для барацьбы за вяртанне правоў гетманаў. Гэтая барацьба працягвалася да смерці Міхася Юзэфа Масальскага 26 студзеня 1768 года.