Другі сын, вялікага князя літоўскага Гедыміна Нарымонт, нарадзіўся каля 1294 года. Упершыню, ён згадваецца ў Васкрасенскім летапісе за 1331 годам, калі на Валыні, па загадзе Гедыміна, быў схоплены Архіепіскап наўгародскі Васіль і адпушчаны толькі пасля таго, як паабяцаў зрабіць Нарымонта наўгародскім князем.
У 1333 годзе Нарымонт ужо ахрышчаны пад імем Глеб, прыбыў у наўгародскія землі і ўзяў пад кантроль і ахову Арэшак, Ладагу, Карэлу, палову Каропы і сеў княжыць у Ноўгарадзе. Дакладна невядома, ці стрымаў слова арцыбіскуп наўгародскі Васіль ці ж, Наўгародцы, шукаючы абароны ў вялікага княства літоўскага, добраахвотна зрабілі Нарымонта сваім князем.
Аднак, Нарымонт нядоўга быў князем наўгародскім, у 1335 годзе памірае полацкі князь Война, і князь Нарымонт, каб заняць месца полацкага князя, пакідае горад, пакінуўшы замест сябе свайго сына Аляксандра. У 1338 годзе Нарымонт не з'явіўся для абароны Ноўгарада ад шведаў, а таксама адклікаў свайго сына Аляксандра, што выклікала незадаволенасць наўгародцаў. У тым жа 1338 годзе, разам з полацкім біскупам Рыгорам, князь Нарымонт падпісаў дамову з Рыгай, і змацаваў яе пячаткай з пагоняй, прынятай пазней у якасці герба вялікага княства літоўскага, выява пагоні на гэтым друку, з'яўляецца адной з найстаражытных.
Паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», князь Нарымонт па завяшчанні свайго бацькі, вялікага князя літоўскага Гедыміна, атрымаў у спадчыну Пінскае княства. Ён стаў адным з магутных князёў, падчас кароткага кіравання свайго брата Яўнуція. Але пасля таго як Яўнуція скінулi яго браты Альгерд і Кейстут, Нарымон як прыхільнік Яўнуція, вымушаны быў пакінуць ВКЛ і збег у Залатую Арду да хана Джанібека, пасля чаго Полацкае княства адышло да сына Альгерда Андрэя.
Не атрымаўшы падтрымкі ў Залатой Ардзе, прыблізна ў 1346 годзе, Нарымонт вяртаецца ў вялікае княства літоўскае, мірыцца са сваімі братамі, вялікім князем літоўскім Альгердам і Кейстутам, і зноў пачынае кіраваць Пінскім княствам.
Са свайго вяртання на радзіму, князь Нарымонт пражыў не доўга, 2 лютага 1348 года, ён гіне падчас бітвы з крыжакамі, на рацэ Стрэве.