Сямён Юр'евіч Гальшанскі нарадзіўся прыблізна ў 1445 годзе ў княжацкай сям'і, яго бацькам быў Юрый Сямёнавіч Гальшанскі. Пра дзяцінства і адукацыю Сямёна Юр'евіча мала што вядома. Ягоны бацька памёр у 1457 годзе і да яго па спадчыне перайшло Сцяпанскае княства.
Наступным яго набыццём стала Дубровіцкае княства, якое перайшло яму ў 1481 годзе пасля пакарання смерцю яго старэйшага брата Івана Юр'евіча Гальшанскага. Яго брат быў пакараны за змову супраць Вялікага князя Літоўскага і караля польскага Казіміра Ягайлавіча. Ён меў намер разам са сваімі прыхільнікамі Міхаілам Алелькавічам і князем Бельскім забіць Казіміра на вяселлі апошняга.
Аднак, змова была раскрыта і Івана Юр'евіча Гальшанскага з Міхаілам Алелькавічам пакаралі смерцю (што для ВКЛ было вельмі рэдкім выпадкам), а Бельскі збег у Маскоўскае княства і прысягнуў Івану III. Паколькі Сямён Юр'евіч пасля пакарання брата, не трапіў ні пад якія ганенні як блізкі сваяк змоўшчыка, можна меркаваць, што ён у змове не ўдзельнічаў, альбо гэта ён выдаў змоўшчыкаў. На гэта ўскосна кажа тое, што пасля раскрыцця змовы яму дасталіся землі брата і ён ніяк не пераследваўся Казімірам, а на зварот у далейшым атрымаў новыя ўладанні і пасады.
У 1490 годзе Сямён Юр'евіч Гальшанскі атрымаў пасаду старасты луцкага. Затым, ажаніўшыся з князёўнай Анастасіяй Сямёнаўнай Збаражскай, ён атрымаў уладанні на Валыне. Апроч гэтага, гэтак жа валодаў паўночнай часткай Глускай воласці. Ад шлюбу з Анастасіяй Сямёнаўнай Збаражскай у Сямёна Юр'евіча было трое дзяцей, сын Леў памерлы ў маленстве і дзве дачкі, Анастасія і Таццяна. Яго малодшая дачка Таццяна ў 1509 годзе выйшла замуж за вялікага гетмана літоўскага Канстанціна Іванавіча Астрожскага.
У 1494 годзе Гальшанскага прызначаюць маршалкам Валынскім, а ў 1500 годзе ён становіцца вялікім гетманам літоўскім, праўда ўсяго на адзін год. Але можна сказаць, што гэтую пасаду галоўнага военачальніка ён атрымаў заслужана, бо вызначыўся ў баях з крымскімі татарамі, якія ўвесь час рабілі набегі на літоўскія землі. Памёр Сямён Юр'евіч Гальшанскі ў 1505 годзе.