Крыжакі, якія здзяйснялі рабаўнічыя набегі ў 1317-1319 гадах, ізноў сабраліся ў так званы крыжовы паход у 1320 году. Маршал Тэўтонскага ордэна, Генрых фон Плоцке, сабраў вялікія сілы і адправіўся з імі ў Жамойцію, папярэдне падзяліўшы войска на тры часткі, для таго каб ахапіць як мага больш земляў для рабавання. Спусташаючы і разбураючы ўсё на сваім шляху, крыжакі неўзабаве аб'ядналіся і захапілі горад Коўна, разрабавалі і спалілі яго.
Вялікі князь літоўскі Гедымін, разам са сваімі войскамі, дачакаўшыся падмацавання з Полацка і Навагрудка, выступіў насустрач крыжакам. Войскі ліцвінаў і крыжакоў сустрэліся недалёка ад Коўна, каля мястэчка Жэймы (Жэймяліс, мястэчка каля Каўнаса, Літва) 27 ліпеня 1320 года.
Узброеныя ручніцамі, крыжакі першымі пачалі бітву, абстраляўшы з новай зброі татарскую конніцу, якая стаяла наперадзе войскаў Гедыміна. Татары, выпусціўшы ў адказ град стрэл, пачалі адыходзіць, рыцары, убачыўшы, што тыя адыходзяць, кінуліся за імі, вырашыўшы, што вораг бяжыць. Але гэта быў тактычны выкрут Гедыміна, наперадзе крыжакоў чакала засада і асноўныя сілы літоўскага войска.
У самы разгар крывавай сечы атрады жамойтаў, якія знаходзіліся ў складзе войскаў крыжакоў, паўсталі супраць рыцараў і ўдарылі з тылу, гэтага было дастаткова для таго, каб войскі Гедыміна перайшлі ў наступ, а атрады Полацка і Навагрудка ўдарылі па крыжаках з флангаў.
Пад націскам войскаў Вялікага княства Літоўскага, крыжакі пабеглі, аднак гэта іх не выратавала, уцекачоў даганялі і бязлітасна забівалі. У баі загінуў і сам Генрых фон Плоцке. На полі бойкi засталося ляжаць 29 рыцараў і шмат простых салдат крыжакоў. Пасля такога разгрому крыжакі два гады не з'яўляліся на тэрыторыі ВКЛ, тым самым даўшы магчымасць Гедыміну адпачыць і сабраць новыя сілы для далейшай барацьбы з Тэўтонскім ордэнам.