Да сярэдзіны XV стагоддзі Вялікае княства Літоўскае і Вялікае княства Маскоўскае здабылі досыць дакладныя межы паміж сабой. Таксама паміж імі вызначыліся сферы ўплыву на размешчаныя паміж імі, але пакуль яшчэ незалежныя ад іх, удзельныя княствы.
Вялікі князь Літоўскі Казімір IV, пачынаючы з 1445-га года спрабаваў далучыць Пскоў Ноўгарад і Цвер да ВКЛ, а таксама аспрэчваў у Масквы памежныя княствы. Маскоўскі князь Васіль II, у адказ, падтрымліваў прэтэндавалага на пасад ВКЛ Міхаіла Жыгімонтавіча, які з'яўляўся сынам Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча, забітага змоўшчыкамі ў 1440-ым годзе.
Міхаіл Жыгімонтавіч, атрымаўшы ад Казіміра ва ўладанні Клецк, Бранск і Старадуб, быў, аднак не задаволены тым, што яму не дастаўся Трокскі замак (вотчына роду Кейстутавічаў). Таму, не ўступаючы ў адкрытую вайну супраць Казіміра, ён кожны год наводзіў татарскія набегі на тэрыторыю ВКЛ і не пакідаў надзеі заняць вялікакняскі пасад.
У арганізацыі паходаў татараў на тэрыторыю Літвы таксама ўдзельнічаў і маскоўскі князь Васіль. Так у 1446 годзе татары напалі на Вяземскае і Бранскае княства. У адплату Казімір адправіў сямітысячнае войска пад Калугу, дзе разбіў войскі князёў Мажайскага, Бароўскага і Вярэйскага.
Гэты канфлікт працягваўся да 1449 года. Да таго часу Казімір IV стаў яшчэ і каралём Польскім, і ў яго з'явілася неабходнасць, як мага хутчэй заключыць мір з Маскоўскім княствам, бо справы Польшчы для яго сталі больш важнымі. У той момант Польскаму каралеўству пагражала Асманская імперыя, акрамя таго яшчэ не скончылася працяглая вайна з Тэўтонскім ордэнам, у якой ВКЛ афіцыйна не ўдзельнічала. Так ці інакш Казміру патрэбен быў мір з Масквой, каб зняць пытанне пагрозы ВКЛ з усходу для вырашэння праблем на Поўдні і Поўначы Польскага каралеўства.
Так званы Вечны мір паміж Вялікім княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім быў падпісаны бакамі 31 жніўня 1449 года. Гэты дагавор фактычна ўпершыню дакладна абазначыў межы паміж ВКЛ і ВКМ. Умовы дамовы былі наступнымі:
Казімір IV не ўмешваецца ў справы Масквы і не ўступаецца за Ноўгарад, Пскоў і Ржэў, а таксама прызнае ўладу абранага ў Маскве Мітрапаліта Іаана;
Васіль II не ўмешваецца ў справы Смаленскага княства і не падтрымлівае Міхаіла Жыгімонтавіча;
Абодва бакі абавязаліся не прымаць у сябе князёў-перабежчыкаў.
Пасля падпісання Вечнага міру паміж дзяржавамі надышоў час міру, які доўжыўся амаль 50 гадоў. Фактычна гэтая дамова была на руку Маскоўскаму княству, паколькі пасля падпісання гэтай дамовы Вялікае княства Літоўскае перастала актыўна дзейнічаць і палітычна ўплываць на ўсходнеславянскія княствы паміж ВКЛ і ВКМ. Масква ў выніку дадзенай сітуацыяй скарысталася, і з часам захапіла і далучыла да сябе Ноўгарад, Цвер, Разань і іншыя ўсходнеславянскія княствы.