Да сярэдзіны 16 стагоддзя над Лівоніяй навісла пагроза з боку Маскоўскага княства, цар Іван Грозны збіраўся захапіць яе. Вялікі князь Літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст палічылі, што захоп Лівоніі будзе небяспечны для ВКЛ, бо, завалодаўшы ёю, Маскоўскае княства атрымае зручны плацдарм, з якога лёгка можна ўдарыць па Вільні і Полацку.
У 1559 годзе ў Рыгу быў накіраваны Мікалай Радзівіл Чорны для перамоваў з рыжанамі аб іх пераходзе пад уладу ВКЛ, аднак Радзівілу не ўдалося іх пераканаць, паколькі яны не верылі ў магчымасць ВКЛ супрацьстаяць маскоўцам без падтрымкі Польшчы, якая на той момант яшчэ не дала свайго рашэння .
У канцы жніўня 1559 года, у Вільні, склікалі вальны сойм, на якім быў атрыманы дазвол на збор земскіх падаткаў і на адпраўку войскаў для абароны Лівоніі. Лівонцам, якія прысутнічалі на сойме, патлумачылі, што існуючая сітуацыя не дазваляе чакаць рашэння Польшчы. Хуткае заканчэнне перамір'я з Масквой паўплывала на лівонцаў, і яны пагадзіліся пайсці на вымушаныя саступкі ВКЛ.
Дагавор паміж ВКЛ і Лівоніяй быў заключаны ў Вільні 31 жніўня 1559 года. Па Віленскай дамове Магістр Лівонскага ордэна Готард Кетлер і арцыбіскуп Вільгельм з усімі сваімі ўладаннямі сыходзілі пад апеку ВКЛ. У адказ Жыгімонт Аўгуст абяцаў абараняць Лівонію ад Маскоўскага княства і вярнуць усе землі, захопленыя Масквой.
Акрамя гэтага, для забеспячэння абароны Лівонскі ордэн аддаваў ВКЛ свае паўднёва-ўсходнія землі з замкамі Дзюнабург (Даўгаўпілс), Баўска, Люцын (Лудза), Зэльзбург, Разітэн (Рэзэкне), Леневард і Марыенхаўзен, а таксама маёнткі Берзен і Любана. За Лівонскім ордэнам захоўвалася права пасля заканчэння вайны выкупіць свае ўладанні, а ў выпадку не аднаўлення вайны выкуп не патрабаваўся. Віленскі дагавор фактычна аб'яўляў Лівонскі ордэн васалам ВКЛ, пры гэтым захоўваючы яго дзяржаўнасць.