Нарадзіўся Мікалай Юдзіцкі ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства ў сям'і рэчыцкага маршалка Юрыя Рыгора Юдзіцкага. Гэты род належаў да ліцвінскай шляхты і меў герб "Радван зменены". Дакладная дата нараджэння не вядома, як невядома і тое, дзе Мікалай Уладзіслаў атрымаў пачатковую адукацыю.
Прыблізна ў 1625 годзе Мікалай Юдзіцкі адправіўся вучыцца ў Падую, там жа ўступіў у Мальтыйскі ордэн і стаў найбліжэйшым паплечнікам першага камандора Мальтыйскага ордэна ў ВКЛ Жыгімонта Караля Радзівіла, пасля смерці якога ўзначаліў Сталавіцкую камандорыю. Разам з ордэнам ваяваў у Алжыры, Тунісе, Крыце супраць туркаў і піратаў. Змог вызначыцца ў Тунісе, дзе спаліў пірацкія караблі.
У Мікалая Юдзіцкага было пяць братоў, чацвёра загінула, абараняючы радзіму ў шматлікіх у той час войнах супраць татараў, туркаў і шведаў. У баку заставацца Мікалай не мог і, вярнуўшыся на радзіму, ізноў адправіўся ваяваць. У перыяд вайны Рэчы Паспалітай са шведамі (1627-1629 гг) ён камандаваў артылерыяй.
У час паўстання Багдана Хмяльніцкага Юдзіцкі ўзначальваў харугву і кавалерыйскія злучэнні ў войсках Януша Радзівіла. 11 красавіка 1654 г. ён быў прызначаны генералам артылерыі ВКЛ (гэтую пасаду і займаў да канца жыцця), а таксама камандуючым наёмных войскаў.
Калі ў 1654 г. пачалася 13-гадовая вайна Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай, Мікалай Юдзіцкі прызначылі камандзірам пяцітысячнай кавалерыі ВКЛ. Пасля няўдалай абароны Вільні ад маскоўскіх войскаў, ён з войскам адышоў у Жамойцію. У 1655 годзе адмовіўся падпісваць Кейданскую унію са шведамі, за што быў арыштаваны прыхільнікамі Януша Радзівіла і аддадзены шведам у палон, аднак яму ўдалося збегчы. За свае ваенныя заслугі атрымаў Скірмунтаўскае староства і некалькі вёсак у Рагачоўскім старостве Рэчыцкага павета.
У бітве пад Мядзелем, на змёрзлым возеры Нарач, 8 лютага 1660 г. Мікалай Уладзіслаў Юдзіцкі пацярпеў паражэнне ад маскоўскіх войскаў. У гэтым жа годзе ён адыграўся за сваё паражэнне паспяхова праведзенымі бітвамі на Палонцы і на рацэ Бася. Прыблізна ў гэты ж час быў прызначаны камандзірам правага крыла літоўскага войска. Вызваліў крэпасць Дзісна пры садзейнічанні мяшчан, якія выразалі маскоўскі гарнізон і прынеслі ключы ад крэпасці. Такім жа чынам ім быў вызвалены Себеж.
Мікалай Юдзіцкі карыстаўся павагай не толькі сярод сваіх салдат, але і сярод сялян і гараджан. Вёў прапаганду, рассылаючы лісты з заклікамі збірацца мужыкам у атрады і ісці вайной на памежныя маскоўскія тэрыторыі. Яму ўдалося падняць немалую колькасць людзей на партызанскую барацьбу ў Полацкім і Себежскім павеце. Затым ён рушыў да маскоўскай тэрыторыі, знішчаючы дробныя варожыя атрады і захопліваючы населеныя пункты. У лістападзе 1661 года Юдзіцкі прыняў удзел у Кушлецкай бітве пад Дзіснаю, у гэтай бітве поўнасцю была разбіта армія маскоўскага ваяводы Хаванскага.
Пасля смерці Вінцэнта Корвіна-Гансеўскага Мікалай Юдзіцкі выконваў абавязкі польнага гетмана літоўскага. У 1666 годзе ён купіў мястэчка Новая Мыш (сёння вёска Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, Рэспубліка Беларусь), дзе заснаваў езуіцкі калегіум, які, на жаль, да нашых дзён не захаваўся.
Памёр Мікалай Уладзіслаў Юдзіцкі ў 1673 годзе. Быў пахаваны ў Вільні ў касцёле Святых Францыска і Бернардына. Дзяцей у яго не было.