Княскі род Сангушкі (герб Пагоня) бярэ свой пачатак ад лініі Гедэмінавічаў, ад аднаго з сыноў Вялікага князя Літоўскага Альгерда Фёдара, у якога быў сын Сангушка (паменшаны варыянт імя Аляксандр, Васіль ці Сямён).
Сам жа Раман Фёдаравіч Сангушка належаў да кавельскай лініі князёў. Нарадзіўся ён на Валыне, прыблізна ў 1537 годзе. Бацькам яго быў маршалак Валынскі, стараста Браслаўскі і Вінніцкі Фёдар Андрэевіч, а маці Ганна, якая паходзіла з роду Бранкавічаў.
Сваё выхаванне Раман Сангушка атрымаў пры двары Вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Жыгімонта Аўгуста. У 17 гадоў, пасля смерці свайго бацькі і старэйшага брата Зміцера, ён стаў часткай роду. А ў 18 гадоў пачаў ваенную кар'еру ва Украіне, дзе ўзначаліў свой прыватны атрад. У 1555 годзе быў накіраваны ў Кіеў пад камандаванне Мікалая Радзівіла Рудога для абароны горада ад магчымых нападаў з боку маскоўскіх войскаў. У 1557-ым годзе Жыгімонт Аўгуст прызначыў Сангушку старастам Жытомірскім. Першыя веды па вайсковай справе атрымаў ад князя Радзівіла, а таксама Васіля Астрожскага і Рыгора Хадкевіча. Разам з імі ён адбіваў напады крымскіх татараў на Падоле ў студзені 1558-го гады. Прыняў удзел у некалькіх баях, у кожным з іх яму ўдавалася вызваліць з палону людзей, якіх татары гналі для продажу ў рабства.
У перыяд з 1558 па 1559 год Раман Сангушка гасцяваў у Рыгора Хадкевіча ў маёнтку Харошы на Падляшшы (недалёка ад Беластока, Польшча). Там ён пазнаёміўся з дачкой Хадкевіча Аляксандрай, з якой і ажаніўся.
У 1561 годзе Раман Сангушка адправіўся на Лівонскую вайну, у раён заходняй Дзвіны, потым зноў быў перакінуты на поўдзень для абароны тэрыторый ВКЛ ад крымскіх татараў. 26 студзеня 1564 года на чале сваёй коннай роты, колькасцю ў 200 коннікаў, прыняў удзел у бітве на рацэ Ула, дзе змог вызначыцца як камандзір сярэдняга звяна. Пасля перамогі на Уле ён правёў 1564-65-ы год у Жытоміры, абараняючы яго ад набегаў крымскіх татараў.
30 сакавіка 1566-га года Жыгімонт Аўгуст за ваенныя заслугі прызначыў Рамана Сангушку на пасаду брацлаўскага ваяводы. Нараўне з пасадай ён атрымаў ва ўладанне двор у Вінніцы і некалькі вёсак на тэрыторыі ваяводства, дзе і заняўся ўмацаваннем замкаў і абаронай земляў ад нападаў крымскіх татараў.
У лютым 1567 года Жыгімонт Аўгуст прызначыў Рамана Сангушку выконваючым абавязкі Польнага гетмана ВКЛ. Увесну гэтага ж года яго адправілі на Лівонскую вайну ў напрамку Полацка. У камандаванне яму дасталіся ўсе войскі ВКЛ, якія знаходзіліся ў Віцебскім ваяводстве. Задачай было сачыць за дзеяннямі маскоўскіх войскаў, а таксама будаўніцтва замкаў на рацэ Сорыцы, Тураўлі і сваёй штаб-кватэры Чашніках.
Так як колькасць атрада Сангушкі было невялікая, усяго каля 2000 чалавек (больш у гэтым рэгіёне літоўскіх войскаў не было), ён праводзіў добра спланаваныя, незаўважныя для ворага, разведкі. Па выніках атрыманых звестак прадумваў тактыку і стратэгію магчымых нападаў на Маскоўскія войскі, якія перыядычна па колькасці салдат значна пераўзыходзілі яго ўласнае войска. Ён па-майстэрску пазбягаў прамых сутыкненняў на полі бою, амаль не несучы страт.
21 ліпеня 1567-га года ва ўрочышчы Суша атрад Рамана Сангушкі разбіў Маскоўскае войска, якое накіроўвалася да аднайменнай крэпасці (Суша). Колькасць праціўніка складала 8000 чалавек, што ў 4 разы пераўзыходзіла колькасць людзей у Сангушкі.
У сярэдзіне верасня 1567-га, дзякуючы разведцы, Сангушка даведаецца, што да крэпасці Суша з крэпасці Ула ў чарговы раз высунулася маршам шасцітысячнае маскоўскае войска з абозам, у якім знаходзілася харчаванне. Атрад Сангушкі да гэтага моманту налічваў 3000 салдат, што было ў два разы менш чым у суперніка. Імклівым і нечаканым нападам князь са сваім атрадам разбіў ворага. Пасля перамогі ліцвінам дастаўся абоз з прыпасамі (1300 вазоў), а таксама палонныя маскоўскія салдаты разам з ваяводамі, Осіпам Шчарбатым і Юрыем Барацінскім. Натхнёны перамогай, Раман Сангушка аблажыў крэпасць Суша, аднак з-за адсутнасці артылерыі яе ўзяць не ўдалося.
Казна ВКЛ часта бывала пустая. Таму, каб забяспечыць жалаванне сваім войскам, Раману Сангушку прыйшлося пазычыць грошы пад заклад сваёй маёмасці Дольска ў Пінскім павеце. Акрамя гэтага, у 1567 годзе ён за свой кошт выставіў 100 вершнікаў і 50 салдат з ручніцамі ў земскае войска ВКЛ. Арганізаваў князь і будаўніцтва замкаў у Дрысе, Лепелі, Чашніках, Лукомлі, Крывіне. Клапаціўся аб забеспячэнні замкавых гарнізонаў гарматамі і боепрыпасамі. Займаўся дастаўкай харчоў у Сураж і Віцебск. За гэтую службу ён атрымаў Рэчыцкае староства і вёскі Гарадок, Казлінічы і Чэрньча ў Луцкім павеце.
Вярнуўшыся на вайну 21 жніўня 1568-га года, Раман Сангушка ажыццявіў дзёрзкую аперацыю па захопе крэпасці Ула, пабудаванай маскавітамі на востраве. З разведдадзеных ён даведаўся, што з Полацка прыбыло падмацаванне і з гэтай нагоды ў гэты дзень у крэпасці арганізавалі свята і ўсім ахвочым было дазволена піць. Сангушка разумеў - увага суперніка аслаблена і не выпусціў свой шанц. Спачатку ён адправіў у атаку казакоў на чаўнах з боку ракі, каб яны адцягнулі ўвагу маскоўскага гарнізона на сябе. За гэты час пяхота здолела падабрацца да драўляных сцен, падпаліць іх і выламаць браму. Завяршыла захоп Улы конніца, якая пераплыла праз раку і ўварвалася ў крэпасць. Пасля захопу Улы Раман Сангушка адрамантаваў яе і пакінуў там свой гарнізон. Узяцце крэпасці значна палепшыла стратэгічнае становішча ВКЛ у гэтай вайне.
У 1569 годзе, прымаючы ўдзел у падпісанні Люблінскай уніі і ставячы сваю пячатку на гэтым дакуменце, ён выдатна ўсведамляў, што гэта выкліча гнеў у многіх уплывовых літвінаў, аднак ён таксама ясна разумеў, што без дапамогі Польшчы, а дакладней яе войскаў, ВКЛ у адзіночку ў лівонскай вайне не выйграць. У гэтым жа годзе ён атрымаў булаву гетмана польнага ВКЛ, пасаду якога ўжо выконваў некалькі гадоў.
Пасля падпісання Люблінскай уніі Раман Сангушка зноў вярнуўся на вайну, наведаў замкі ў полацкім ваяводстве, узяў штурмам заняты маскоўскім гарнізонам замак Цэтчы, які злучаў Тураўлю з Полацкам. Пасля весткі пра смерць жонкі ў лютым 1570 г. ён вярнуўся на Валынь, правёўшы там год, вясной 1571 г. адправіўся ў Варшаву. Вяртаючыся назад на Валынь, захварэў па дарозе гарачкай і памёр у Ружанах 12 траўня 1571 года. Па сямейных традыцыях Рамана Сангушку пахавалі ў Мельцах на Валыні ў царкве святога Мікалая.