Жыгімонт Караль Радзівіл нарадзіўся 4 снежня 1591 года ў сям'і Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі і Эльжбеты Яўхімы Вішнявецкай, яго дзедам быў Мікалай Радзівіл Чорны. Пасля навучання ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме ён накіраваўся вучыцца ў Балонскі ўніверсітэт. Там, падчас вучобы ў Італіі, наведаў Мальту, дзе захапіўся ідэямі рыцарства і ўступіў у Мальтыйскі ордэн.
Пасля заканчэння навучання Жыгімонт Караль Радзівіл вярнуўся ў ВКЛ. Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка падтрымаў захапленне свайго сына ідэямі Мальтыйскага ордэна і ў 1610 годзе выдзеліў грашовыя сродкі для арганізацыі камандорыі (аддзела) Мальтыйскага ордэна на тэрыторыі Літвы ў Сталовічах і Пацейках.
Атрымаўшы падтрымку ад бацькі, Жыгімонт Радзівіл зноў накіраваўся на Мальту, каб заслужыць дазвол на стварэнне першай камандорыі ў ВКЛ. На працягу некалькіх гадоў ён праходзіў там розныя выпрабаванні, вызначыўся ў баях з туркамі і пірытамі міжземнага мора. І 1612 годзе вялікі магістр Мальтыйскага ордэна Алоф дэ Вільякур прысвяціў Радзівіла ў рыцары.
У 1615 годзе, атрымаўшы ад вялікага магістра згоду на стварэнне Сталовіцкай камандорыі, Жыгімонт Караль Радзівіл вяртаецца ў Літву. Ён узначаліў камандорыю і прыклаў усе намаганні для яе развіцця.
У 1618 годзе зноў паехаў на Мальту, туды ён вернецца яшчэ не раз: у 1629 і 1642 гг. У 1621 годзе, пад камандаваннем Яна Карла Хадкевіча, ён змагаецца супраць туркаў у бітве пад Хоцімам. Потым удзельнічае ў трыццацігадовай вайне на баку Габсбургаў супраць нямецкіх пратэстантаў, узначальваў атрад Лісоўчыкаў. У 1625 годзе ён быў прызначаны камандуючым кавалерыяй Рэчы Паспалітай у імператарскім войску Габсбургаў. Змагаючыся ў Еўропе, ён паспяваў удзельнічаць у ваенных падзеях на родных землях, так ім быў выстаўлены свой прыватны полк для вайны са шведамі. Акрамя таго, ён прыняў удзел у баях пад Смаленскам у вайне Рэчы Паспалітай з Масквой (1632 - 1634 гг.).
Будучы на пасадзе кіраўніка Сталавіцкай камандарыяй мальтыйскага ордэна, Жыгімонт Радзівіл, з 1617 года, з'яўляўся краўчым пры польскай каралеве, а ў 1633 яго прызначылі Вялікім літоўскім краўчым, у 1638 быў прызначаны Вялікім літоўскім падначальнікам. Нараўне з гэтым, за свае заслугі перад Мальтыйскім ордэнам ён атрымаў ад вялікага магістра пасаду Генеральнага камісара.
За свае ўласныя сродкі Жыгімонт Караль Радзівіл у Сталовічах, у перыяд з 1637 па 1639 гг., пабудаваў невялікую капліцу для рыцараў Мальтыйскага ордэна з цудоўнай скульптурай Божай Маці Ларэтанскай, а ў Сталовічах і Крошыне з'явіліся драўляныя шпіталі. Пазней на месцы капліцы пабудавалі касцёл Іаана Хрысціцеля, які пасля падзелу Рэчы Паспалітай аддалі праваслаўным і на сённяшні дзень у ім дзейнічае царква Успення Прасвятой Багародзіцы.
У 1642 годзе Жыгімонт Караль Радзівіл цяжка захварэў і адправіўся на лячэнне ў Італію. Так і не акрыяўшы, ён памёр 5 лістапада гэтага ж года. Яго пахавалі ў італьянскім горадзе Асізі ў базіліцы святога Францішка. Пасля смерці свайго субрата рыцары Мальтыйскага ордэна стварылі скульптуру з выявай Жыгімонта Караля Радзівіла і ўстанавілі яе на Мальце ў саборы Святога Іаана.
Што да заснаванай Радзівілам Сталавіцкай камандорыі, то яна працягнула сваё існаванне пасля яго смерці і дзейнічала да 1817 года, калі дзейнасць Мальтыйскага ордэна была спынена на тэрыторыі Расійскай Імперыі.