Жыгімонт Карыбутавіч - сын князя наваградскага і лідскага Карыбута (па іншых звестках, Ноўгарад-северскага) і разанскай княгіні Анастасіі, унук Вялікага князя Літоўскага Альгерда, нарадзіўся ў 1385-ым годзе. У 1404 годзе ён быў адпраўлены да двара свайго дзядзькі караля польскага Ягайлы на выхаванне.
У 1410 годзе ўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве, як васал Ягайла, камандаваў сваёй харугвай. Праз чатыры гады падчас вайны Польшчы з Тэўтонскім ордэнам узяў штурмам замак крыжакоў Прабут. Затым перайшоў на службу Вялікаму князю Літоўскаму Вітаўту.
У вясну 1422-га года, князь Вітаўт (на той момант абраны каралём Чэхіі) адправіў туды Жыгімонта Карыбутовіча ў якасці намесніка ў суправаджэнні пяцітысячнага літоўскага войска. На той момант у Чэхіі ішла так званая Гусіцкая вайна. Чэхі, прыхільнікі рэфарматара каталіцкай веры Яна Гуса, вялi вайну з каталікамі розных краін, у тым ліку і германскімі. Супрацьстаяць шматлікім рэгулярным крыжовым паходам было не проста.
Прыбыўшы ў Чэхію, Жыгімонт Карыбутавіч прымусіў імператарскія войскі збегчы ў Венгрыю. Затым, узмацніўшы свае войскі добраахвотнікамі з чэхаў, ён захапіў штурмам замак Нэстаў у Маравіі, пасля чаго разаслаў па ўсёй Чэхіі лісты аб тым, што ён прыбыў як намеснік Вітаўта, каб кіраваць і абараняць Чэхію ад ворагаў. Неўзабаве намесніцтва было афіцыйна прызнана на сойме. Пасля чаго Жыгімонт Карыбутавіч урачыста заехаў у Прагу. Ён распусціў гарадскую раду і правёў выбары новай. Сваімі паспяховымі ваеннымі кампаніямі заваяваў аўтарытэт і сімпатыі ў гусітаў.
Падчас аблогі імператарскага замка Карлштэйн ужыў незвычайную біялагічную атаку. З дапамогай катапульт непрыступны замак быў закіданы фекаліямі, якіх было выкарыстана больш за шэсцьдзесят вазоў.
У Празе Жыгімонт асудзіў мяцежнікаў на смяротнае пакаранне, аднак, калі прысуджаныя да смерці паклалі галовы на плахі, ён іх памілаваў.
Пасля таго як Вітаўт падпісаў дамову з германскім імператарам, Жыгімонт Карыбутавіч, па патрабаванні караля змушаны быў пакінуць Чэхію. Аднак у чэрвені 1424 года па просьбе чэшскіх паслоў, супраць волі вялікага князя, ён разам са сваім паўтаратысячным войскам вярнуўся ў Прагу. Там ён прыняў прысягу па гусіцкім абрадзе на вачах у народа і быў аб'яўлены каралём, але не каранаваўся.
Пасля вяртання Жыгімонт Карыбутавіч разбіў нямецкія войскі каля замка Эгрэ, тым самым адбіўшы трэці крыжовы паход супраць гусітаў. За гэта каталіцкая царква абвясціла яго ерэтыком.
Пасля смерці нацыянальнага героя і палкаводца Чэхіі Яна Жыжкі, Жыгімонт узначаліў дваццаці пяцітысячнае войска гусітаў, з якім, у бітве каля горада, які сёння называецца Усці-над-Лабем, разбіў 75-тысячнае імператарскае войска.
Нягледзячы на перамогі, Жыгімонт Карыбутавіч шукаў шляхі завяршэння вайны. З гэтай мэтай ён напісаў таемны ліст Вітаўту, каб той стаў пасярэднікам у перамовах з Нямеччынай аб міры. Неўзабаве, за таемную перапіску з Вітаўтам, радыкальным крылом гусітаў Табарытамі быў абвінавачаны ў здрадзе і заключаны ў замку Вальдштэйн. Праз чатыры месяцы яго вызвалілі і адвезлі пад вартай да польскай мяжы. Але так проста здавацца ён не збіраўся і, сабраўшы войскі са сваіх гусіцкіх прыхільнікаў, наймітаў і атрада Фёдара Астрожскага з ВКЛ, у красавіку 1430 года ён накіраваўся ў Чэхію. Па прыбыцці заняў горад Глівіцэ, які аб'явіў сваёй рэзідэнцыяй і на працягу года ваяваў супраць германскіх войскаў.
У 1434. Жыгімонт Карыбутавіч вярнуўся ў Літву, каб ўзначалiць войскі князя Свідрыгайлы, які пачаў вайну за пасад вялiкага князя лiто супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Падчас вырашальнай бітвы пад Вількамірам быў паранены ў шыю і галаву, пасля чаго захоплены ў палон, дзе ад атрыманых ранаў ён і памёр. На пытанне чаму не ратаваўся ўцёкамі пасля разгрому яго войскаў адказаў: «Гонар вышэй за жыццё стаўлю, ганьбай уцёкаў пакрыцца не хацеў».