Крэпасць Дзюнамюндэ, якая стаяла недалёка ад горада Рыгі, у 1608 годзе была занятая шведамі і стала тым плацдармам, адкуль можна было захапіць горад. Каб ліквідаваць гэтую пагрозу, вялікі гетман літоўскі Ян Карл Хадкевіч, пасля сваёй перамогі ў марской бітве каля вусця ракі Салацы, накіраваўся да крэпасці Дзюнамюндэ. Супрацьстаяць гэтаму палкаводцу было няпроста, слава пра яго грымела, таму на дапамогу шведскаму гарнізону адправіўся генерал Мансфельд, пад кіраўніцтвам якога знаходзілася 14 тысяч добра ўзброеных салдат.
Армія гэтая шматкроць пераўзыходзіла войска Хадкевіча, таму 27 верасня 1609 года ён вырашае прымяніць тактычны прыём і адступае ад Дзюнамюндэ, перапраўляючыся за Дзвіну. Мансфельд успрымае адыход літвінаў як уцёкі і загадвае сваёй арміі пачаць пераправу праз раку па наведзеным шведамі мосце, каб дагнаць войска Хадкевіча.
Аднак не просты быў вялікі гетман: стратэгія была выверана, асаблівасці мясцовасці улічаны, а ў дасьведчанасьці і адвагі сваіх воінаў ён не сумняваўся. Пачакаўшы пакуль палова варожых войскаў пераправіцца праз Дзвіну, Хадкевіч атакаваў шведаў, якія зусім не чакалі нападу з засады.
Імклівая атака літвінаў зламала, растаптала і загнала шведаў у раку. Бачачы, як бездапаможна гінуць іх таварышы, шведскія салдаты ў паніцы пабеглі. Мансфельд, так і не выкарыстаўшы сваю перавагу ў колькасці, вымушаны быў сысці з-пад Рыгі.
У тым баі шведы страцілі каля тысячы салдат забітымі, а пакінуты ў крэпасці гарнізон без супраціву здаў яе Хадкевічу.