Самуэль Лукомскі належаў роду Полацкіх і Віцебскіх князёў, герба "Рох". Дакладная дата нараджэння яго невядомая, прыблізна каля 1600 гады. Нарадзіўся ён у сям'і аршанскага падсудка Мікалая Багдановіча Лукомскага.
Дзе Самуэль Лукомскі вучыўся і якую адукацыю атрымаў, зноў жа невядома. Упершыню праявіў сябе як ваенны палкаводзец на першых этапах вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай. Пасля захопу маскоўскімі войскамі Полацка і Віцебска Лукомскі сабраў і арганізаваў конны партызанскі атрад колькасцю каля чатырох тысяч. Затым атрад быў узмоцнены прафесійнымі салдатамі, якіх даслаў Вялікі Гетман Літоўскі Януш Радзівіл.
Будучы добрым стратэгам Самуэль Лукомскі ўмела выкарыстоўваў метады і практыкі вядзення партызанскай вайны: быў вельмі мабільны, пазбягаў буйных бітваў, уладкоўваў дыверсіі, знішчаючы невялікія маскоўскія атрады і абозы. У студзені 1655 года ён прыняў удзел у арганізацыі паўстання ў мястэчку Езярышча (сёння гарадскі пасёлак Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці, Рэспубліка Беларусь), дзе гараджанамі быў знішчаны маскоўскі гарнізон, а ваявода захоплены ў палон.
У пачатку лютага таго ж года Лукомскі паспрабаваў вызваліць Віцебск. Свой лагер ён паставіў каля горада і перакрыў усе дарогі, каб не дапусціць пастаўку правізіі маскоўскаму гарнізону. Чакаючы зручнага моманту для штурму горада, быў нечакана атакаваны маскоўскім гарнізонам Віцебска на чале з М.У. Шарамеццевым. Яму прыйшлося адступіць, у бітве ён быў паранены, страціў свае абозы і панёс чалавечыя страты. Аднак гэта паражэнне не спыніла Самуэля, і праз тры тыдні, начным штурмам ён зноў спрабаваў вызваліць Віцебск са сваім абноўленым войскам. Аднак і другі раз аказаўся безвыніковым, і Лукомскі адышоў да Бешанковічаў. Ізноў умацаваўшы свой атрад некалькімі татарскімі рэестравымі харугвамі, у чарговы раз ён беспаспяхова паспрабаваў вызваліць Усвяты, страціўшы пры гэтым 300 чалавек забітымі, 56 было ўзята ў палон. Пасля такой чарады няўдач Лукомскі папрасіў у Януша Радзівіла адстаўку. Але замест адстаўкі атрымаў падмацаванне з рэестравых харугваў.
Падчас летняга наступлення маскоўскіх войскаў у 1655 годзе, не маючы дастаткова сіл супрацьстаяць арміі Васіля Шарамецьева, Самуэль Лукомскі распусціў добраахвотнікаў і з рэшткамі атрада высунуўся ў бок Лукомля. Па дарозе быў атакаваны маскоўскімі войскамі і быў вымушаны адысці да Вільні. Пасля захопу маскоўскімі войскамі сталіцы ВКЛ ён далучыўся да войскаў Паўла Сапегі і быў прызначаны камандаваць казацкай харугвай.
У лістападзе 1655 года Лукомскі атрымаў царскую грамату, у якой яму шмат абяцалася ўзнагарод і рэгалій у выпадку пераходу са сваімі ваярамі пад царскую ўладу. Канешне, ён адмовіўся і далучыўся да Тышавецкай канфедэрацыі, якая была заснавана ў Польшчы Стэфанам Чарнецкім для вайны са шведамі.
Працягваючы служыць у войску ВКЛ, па даручэнні Паўла Сапегі адправіўся абараняць Камянец, які закрываў Брэст ад шведскіх і маскоўскіх войскаў. У сакавіку 1656 года быў выбіты з Камянца шведскімі атрадамі Багуслава Радзівіла, які падпісаў разам са сваім стрыечным братам Янушам Радзівілам Кейданскую унію са шведамі.
Пасля Камянца, летам 1656 года, Лукомскі адправіўся ў Варшаву і на чале казацкай харугвы бараніў горад ад шведскіх войскаў. Затым, у складзе арміі Паўла Сапегі, 30 -31 снежня 1658-га года змагаўся з карнымі маскоўскімі атрадамі Васіля Пушачнікава і Осіпа Сукіна пад Бешанковічамі.
Памёр Самуэль Лукомскі ў 1659-ым годзе. Месца смерці і пахаванні невядома. Дзяцей у яго не было. Нягледзячы на ўсе апошнія ваенныя няўдачы, ён не быў зламаны і працягваў абараняць сваю айчыну ў тыя цяжкія часы. І вельмі нават магчыма, што за моцны характар і вернасць ідэалам, праз два стагоддзі знакаміты польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч узяў яго за прататып аднаго з герояў свайго рамана "Патоп".